30 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў Мінску зноў звярнуў увагу на недапушчальнасць падзяжу жывёлы і назваў вырашэнне гэтай праблемы праверкай на прафпрыгоднасць для чыноўнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэта для вас жалезны год праверкі на прафпрыгоднасць. Не дай бог вы не вырашыце пытанне з падзяжом жывёлы", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка чыноўнікаў на нарадзе па пытаннях рэалізацыі інвестпраектаў у рамках ініцыятывы "Адзін раён - адзін праект".
Кіраўнік дзяржавы, гаворачы пра недапушчальнасць падзяжу, прывёў абуральны прыклад, з якім ён сутыкнуўся ў час нядаўняй камандзіроўкі ў Гомельскую вобласць. Кіраўнік адной з гаспадарак у Рагачоўскім раёне спрабаваў схаваць факты падзяжу маладняку буйной рагатай жывёлы. Тым не менш яны былі выяўлены Камітэтам дзяржкантролю ў час праверак, матэрыялы якіх былі перададзены Прэзідэнту. Пазней гэтыя фота былі абнародаваны ў СМІ.

"Некаторыя кадры журналісты апублікавалі. Вы ўбачылі, што робіцца. І зразумелі, што я гэта пытанне паставіў не таму, што звар'яцеў. Здавалася б, увесь час гаворыць і гаворыць пра падзеж. Бачылі, што робіцца? - звярнуў увагу на апублікаваныя матэрыялы Аляксандр Лукашэнка. - Дык гэта мы шкадуем людзей. Мы не ўсё гэта публікуем, а калі б апублікавалі і людзі пачалі б гартаць, яны жахнуліся б".
Пытанне аб захаванасці жывёлы зайшло ў кантэксце абмеркавання будаўніцтва прафілакторыяў. Кіраўнік дзяржавы назваў гэта важным крокам, але падкрэсліў, што не меншае значэнне мае належны догляд. "Стварэнне прафілакторыяў, дарагія мае, гэта значны крок у захаванасці маладняку жывёлы. Але гэта вырашэнне палавіны праблемы. Далей ветэрынарыя і іншае", - дадаў Прэзідэнт.