Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

16 Apr 2019

Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам у Турцыю

Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам у Турцыю

16 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам у Турцыю. Самалёт кіраўніка дзяржавы вылецеў з Нацыянальнага аэрапорта Мінск, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка правядзе сёння ў Анкары перагаворы з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Сустрэча двух лідараў пройдзе ў вузкім фармаце і пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый. Як паведамлялі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы, бакі абмяркуюць палітычныя пытанні, развіццё гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, яго напаўненне новымі ўзаемавыгаднымі праектамі. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена інвестыцыйнаму супрацоўніцтву і мерам па забеспячэнні збалансаванага гандлю.

Сёння ў Анкары пройдзе таксама сустрэча дзелавых колаў абедзвюх краін, на якой будуць абмяркоўвацца прадаўжэнне супрацоўніцтва і рэалізацыя новых праектаў паміж Беларуссю і Турцыяй у розных сферах.

Раней Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю турэцкаму інфармацыйнаму агенцтву "Анадолу" заявіў, што яго візіт у Турцыю будзе прысвечаны развіццю гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. "Мы будзем гаварыць аб сумесных праектах, аб сумесных інвестыцыях, аб больш інтэнсіўным і збалансаваным гандлі", - расказаў Прэзідэнт.

"Калі шчыра гаварыць, то палітычныя, дыпламатычныя, гуманітарныя, а апошнім часам і культурныя ўзаемаадносіны нашых дзяржаў значна апярэджваюць гандлёва-эканамічныя. А гандлёва-эканамічныя адносіны, няхай нават мы маем мільярд долараў тавараабароту, - гэта не тыя аб'ёмы. Дарэчы, з вялікім дэфіцытам для Беларусі. Парытэт павінен быць, экспарт-імпарт трэба выраўноўваць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Беларусь хоча мець з Турцыяй такія ж цёплыя і дружалюбныя адносіны, як, напрыклад, з Расіяй. "А чаму б і не? У Расіі з вамі цяпер вельмі добрыя адносіны. Чаму ў нас павінны з вамі быць адносіны не тое што горшыя, а ніжэйшыя? Такога быць не павінна. Таму мы з Прэзідэнтам Эрдаганам адназначна падцягнем узровень нашых адносін нават вышэй, чым у вас з Расійскай Федэрацыяй. Мы намацалі за гэтыя гады тыя агульныя інтарэсы, тыя пазіцыі, па якіх сёння трэба працаваць. І мы поўныя рашучасці гэта зрабіць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Тавараабарот паміж дзвюма краінамі ў 2018 годзе дасягнуў $984 млн, склаўшы амаль 105 працэнтаў да ўзроўню 2017 года. Аднак сальда для Беларусі склалася адмоўнае ў памеры $618 млн. Аснову беларускага экспарту фарміруюць калійныя ўгнаенні, якія змяшчаюць функцыянальную нітрыльную групу злучэння, жгут сінтэтычных ніцей, ільняныя тканіны, полікарбонавыя кіслоты, сінтэтычныя нячэсаныя валокны, дрот з нелегіраванай сталі, паліўная драўніна, газетная папера. Турцыя пастаўляе ў Беларусь сельскагаспадарчую прадукцыю, трыкатажныя палотны і тканіны, сінтэтычныя ніці, адзенне і абутак, часткі і прылады для аўтатрактарнай тэхнікі.

Па выніках 2018 года аб'ём турэцкіх інвестыцый у беларускую эканоміку склаў $43,1 млн. У Беларусі зарэгістравана больш за 300 прадпрыемстваў з удзелам турэцкага капіталу.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі