14 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка мае намер запатрабаваць з урада за "свавольствы" ў пытанні справядлівага цэнаўтварэння. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з дэлегацыяй Санкт-Пецярбурга на чале з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы не адмаўляемся ад работы на дзяржаўным узроўні. Гляджу, і вы ўжо не толькі на бульбу, але і ў цэлым спрабуеце цэны адрэгуляваць. Хоць нас крытыкавалі ў мінулым годзе, што мы рэгулюем цэны, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мы нічога не рэгулявалі. Мы проста хацелі ўстанавіць правілы. Як я галоўнаму нашаму цанавіку гавару, не трэба нічога рэгуляваць, мы не ўмеем гэта рабіць, і гэта немагчыма цяпер у гэтым хаосе. Трэба цану справядлівасці ўстанавіць".
"Але адчуваю, што са змяненнем урада пасля выбараў там пачаліся свавольствы. Я гэта бачу. Мне людзі пішуць кожны дзень. А прэс-служба аналізуе гэта і ўсё мне на стол. Таму рыхтуйцеся, будзеце дакладваць мне па цане справядлівасці", - заявіў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прадстаўнікоў беларускага боку на сустрэчы.
Прэзідэнт у размове з губернатарам Санкт-Пецярбурга закрануў розныя аспекты справядлівасці ў гандлі. І гэта не толькі цэны, але і зарплаты работнікаў. "Не так, каб на Блакітным беразе жывот грэць і атрымліваць $70 тыс. у месяц, у той час як Br500-700 кантралёр-касір у гандлі атрымлівае. Вось, ён - вялікі гаспадар, заснавальнік. Гэта справядліва? Гэта несправядліва", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.
З іншага боку, на цэнаўтварэнне ўплываюць пытанні рэнтабельнасці і сабекошт вытворчасці на прадпрыемствах, над чым таксама можна працаваць. Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане лічыць магчымым устанавіць пэўную планку для вытворцаў, прывёўшы ў прыклад работу малакаперапрацоўчага прадпрыемства, працу якога абмяркоўваў у час даклада аднаго з кіраўнікоў абласцей. "Нядаўна ў суботу мне адзін з губернатараў далажыў, што ён працуе з адной прыватнай кампаніяй, - сказаў Прэзідэнт. - Кажа, сяляне задаволены, аплата своечасовая, цэны нармальныя, перапрацоўшчык не церпіць страты і іншае, іншае. Ён у галіне малочных прадуктаў (працуе. - Заўвага БЕЛТА). Чаму мы не можам узяць гэту сістэму? Усе задаволены. І я тым больш буду задаволены, і народ будзе задаволены. Цэны не задзіраюць".
"Не, у нас цялёпкаюцца. Ну я разбяруся, чаму цялёпкаюцца, чаму не могуць узяць тыпавую гаспадарку, дзе, як я сказаў, па ланцужку ўсе задаволены, і ўстанавіць гэты парог: працуйце, як яны. Вось і ўся рэгуліроўка. Нехта недацягвае да гэтай рэнтабельнасці - гэта вашы праблемы, гэта працуйце з сабекоштам. Гэта не толькі цана, па якой мы прадаём, гэта не толькі прыбытку сабе ў кішэню нагрэбці", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.