23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў узяць на "жорсткі кантроль" дзейнасць віцэ-прэм'ера, які адказвае за аграпрамысловы комплекс. Аб гэтым ён заявіў, прымаючы з дакладам прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, указаў на тое, што аб'ёмы вытворчасці свініны ў Беларусі аднаўляюцца недастатковымі тэмпамі. "Па свініне калі мы выраўнуемся?" - спытаў ён.
"Ужо з верасня пачалося запаўненне жывёла-месцаў. Па Мінскай вобласці ўжо гатовы (далажыць. - Заўвага БЕЛТА) - 136 працэнтаў за верасень будзе рост вытворчасці свініны", - сказаў Аляксандр Турчын.
"Гэта ўсё зразумела. Трэба віцэ-прэм'ера, які адказвае за сельскую гаспадарку, - Шулейку - узяць на жорсткі кантроль. Пакуль выніку яго дзейнасці я не бачу. А гэта яго пытанне - у вытворчасці кантроль (ён павінен бачыць) і асабліва продажы - экспарт. Віцэ-прэм'ер за гэта адказвае", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама згадаў той факт, што на складах пакуль яшчэ застаюцца вялікія аб'ёмы вырабленага сметанковага масла: "Вы пакуль вырабляеце столькі, колькі прадаяце. А тыя (тыя аб'ёмы, якія не змаглі прадаць раней. - Заўвага БЕЛТА) запасы як былі, так яны і засталіся".
Прэм'ер-міністр прызнаў праблему, адзначыўшы, што 30 тыс. т гэтага прадукту ляжыць на складах.
Пры гэтым, заўважыў кіраўнік дзяржавы, у свеце гатовы купіць гэта масла. "У той жа час я размаўляю з высокапастаўленымі кітайцамі ў Кітаі, калі на прыёме быў. "Мы ў вас купім усё, што можна". Я гавару: "Па якой цане?" "Па сусветных цэнах", - прывёў ён прыклад.
"Дык трэба паглядзець вакол. Гэта ж нікуды не варта - у свеце народ галадае, а мы не ўсё можам прадаць. Ну калі масла не купляюць, ну дык менш трэба яго вырабляць проста", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.