21 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў да 1 студзеня ўнесці яму ўзгодненыя прапановы па ўдасканаленні і развіцці навуковай сферы. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе па пытаннях развіцця навуковай сферы і дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На нарадзе старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Каранік унёс шэраг прапаноў па ўдасканаленні навуковай дзейнасці.

Аляксандр Лукашэнка даручыў прэм'ер-міністру разгледзець адпаведныя пытанні ва ўрадзе з прыцягненнем пры неабходнасці іншых адказных. "Па ўсіх пытаннях прыняць рашэнні. Па ўсіх! Да 1 студзеня мне далажыць для таго, каб я гэта фармалізаваў. Зразумела, вашы прапановы (кіраўніка НАН. - Заўвага БЕЛТА) лягуць у аснову", - даручыў ён.
Прэзідэнт нагадаў, каб тыя акцэнты, якія ён расставіў у пачатку нарады ў частцы статусу вучоных, рэзультатыўнасці іх работы і ў цэлым ролі навукі для будучага развіцця краіны, былі абавязкова ўлічаны ў падагульняючым варыянце прапаноў.


"За мной затрымкі не будзе. Абяцаю, што на працягу сутак усе ўнесеныя вамі дакументы і ўрадам будуць падпісаны Прэзідэнтам. Трэба, каб з 1 студзеня мы пачалі працаваць", - запэўніў кіраўнік дзяржавы.
Кіраўніку НАН Уладзіміру Караніку Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў аб задачы заняцца кадрамі, вызначыцца, з кім далей працаваць. "Трэба падключыць Прэзідэнта - калі ласка, урад - калі ласка", - сказаў ён.
"Да 1 студзеня ўсе пытанні! - яшчэ раз падкрэсліў беларускі лідар. - Каб вучоныя нам не сказалі, што мы чагосьці не дапрацавалі".