Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

11 Врс 2025

Лукашэнка даў канкрэтныя ўказанні па руху да поўнай нармалізацыі адносін з ЗША

Лукашэнка даў канкрэтныя ўказанні па руху да поўнай нармалізацыі адносін з ЗША

11 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў канкрэтныя ўказанні па руху да поўнай нармалізацыі адносін з ЗША. Аб гэтым ішла размова ў час даклада кіраўніку дзяржавы пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН Валянціна Рыбакова, які прымаў удзел у сустрэчы беларускага лідара з амерыканскай дэлегацыяй на чале з прадстаўніком Прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы правялі грунтоўную размову з дэлегацыяй ЗША. І абмеркавалі дзясятак пытанняў, якія датычацца нашых адносін. Я спецыяльна запрасіў вас, каб мы з гэтага комплексу пытанняў яшчэ раз адназначна вызначылі тыя напрамкі, па якіх нам трэба будзе працаваць, - сказаў кіраўнік дзяржавы ў пачатку сустрэчы. - Паколькі вы там на вастрыі (і гэта вастрыё яшчэ не затупілася, і я не збіраюся яго мяняць), думаю, што вы перш за ўсё павінны ведаць, разумець, у якім напрамку дзейнічаць. Тое, што адбываецца ў цэлым (вы ўчора перакладалі на гэтых перагаворах, вельмі доўгіх), вы валодаеце абстаноўкай. Але я хацеў бы яшчэ раз падкрэсліць асноўныя напрамкі, па якіх мы павінны рухацца".

Пасля завяршэння даклада кіраўніку дзяржавы Валянцін Рыбакоў заявіў журналістам наступнае: "Прэзідэнт даў зусім канкрэтныя, дакладныя ўказанні наконт таго, якім чынам нам рухацца далей, каб рэалізаваць усё тое, аб чым ішла размова на сустрэчы Прэзідэнта з амерыканскай дэлегацыяй, што нам трэба зрабіць для таго, каб рухацца наперад да поўнай нармалізацыі ўзаемаадносін паміж Рэспублікай Беларусь і Злучанымі Штатамі ва ўсіх сферах. Палітычнай, эканамічнай, гандлёвай і астатніх".

"Канкрэтныя ўказанні дадзены. Будзем выконваць усе ўказанні. Рабіць усё для таго, каб ісці да поўнай нармалізацыі адносін", - дадаў Валянцін Рыбакоў.

Ён адзначыў, што за гады паміж бакамі назбіраліся розныя пытанні, якія патрабуюць тэрміновага вырашэння. "Таму што яны проста перашкаджаюць рухацца далей, развіваць нашы ўзаемаадносіны, - сказаў дыпламат. - У нас з-за дзіўнай, мякка кажучы, няправільнай палітыкі ранейшай адміністрацыі ЗША назбіраўся шэраг пытанняў санкцыйнага характару. Пытанняў, якія перашкаджаюць нам рэальна, блакіруюць развіццё і палітычных, і эканамічных, і гандлёвых адносін. І адносін у любой іншай сферы".

"Першы крок амерыканскім бокам у гэтым напрамку зроблены, прынята рашэнне і аб'яўлена аб гэтым - зняцце санкцый з "Белавія". Гэта невялікая частка таго, што нам яшчэ трэба будзе вырашыць у бліжэйшай, я спадзяюся, будучыні. Але гэты крок важны, ён паказвае ўсім, у першую чаргу нашым суседзям, Еўрасаюзу, што трэба проста размаўляць, трэба весці дыялог. Трэба сабраныя пытанні спрабаваць вырашаць. Так, каб рашэнні гэтыя былі прымальныя для ўсіх бакоў", - сказаў Валянцін Рыбакоў.

Ён выказаў упэўненасць, што бакі ідуць насустрач адзін аднаму. Рашэнні, аб якіх дамаўляліся, прыняты, зроблены адпаведныя дзеянні. "Цяпер мы будзем проста выпрацоўваць праграму далейшых крокаў, паслядоўнасці гэтых крокаў, каб вырашыць усе астатнія пытанні", - расказаў дыпламат.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі