7 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь здольна рашуча спыніць любыя спробы ўмяшання ў яе ўнутраныя справы. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Для нашага народа галоўнымі нацыянальнымі каштоўнасцямі з'яўляюцца мір, незалежнасць, грамадская згода і стабільнасць. У нас няма ворагаў. Мы ніколі нікому не пагражалі і ніколі не будзем гэтага рабіць. Але сваю незалежнасць, мір на нашай зямлі мы гатовы абараняць і адстаяць у любых умовах. У Беларусі хопіць палітычнай волі, сіл і сродкаў, каб рашуча спыніць любыя спробы ўмяшання ў яе ўнутраныя справы", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў, што некаторыя краіны і сёння дазваляюць сабе ўмешвацца ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, а палітыка націску і эканамічнага шантажу даўно стала штодзённасцю. "Больш таго, уладныя людзі падбухторваюць да ваенных канфліктаў у розных кропках зямнога шара. Зброя становіцца аргументам у адстойванні эканамічных інтарэсаў асобных звышдзяржаў. Узрастае іх ваенная актыўнасць, праводзяцца манеўры і вучэнні, нарошчваюцца ўзбраенні, назапашваецца ваенны патэнцыял каля нашых граніц", - адзначыў Прэзідэнт. "Усё гэта не садзейнічае ўмацаванню міру, выклікае новыя пагрозы і дэстабілізуе абстаноўку", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі паважаюць права кожнай дзяржавы выбіраць свой уласны шлях развіцця і маюць права чакаць у адказ павагі да шляху, які выбраў беларускі народ.
"У нашай гісторыі не было больш яркай і вялікай падзеі, чым перамога над фашызмам. І пакуль людзі помняць гэта і ганарацца подзвігам пакалення, якое адстаяла незалежнасць нашай Радзімы, выратавала свет ад фашызму, мы ў бяспецы", - рэзюмаваў беларускі лідар.