Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

26 Крс 2017

Лукашэнка: Беларусі і Украіне неабходна ўзмацніць узаемадзеянне па чарнобыльскай праблематыцы

26 красавіка, Чарнобыль /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусі і Украіне неабходна ўзмацніць узаемадзеянне па чарнобыльскай праблематыцы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам пасля наведвання Чарнобыльскай АЭС, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"І беларусы, і ўкраінцы разумеюць, што чарнобыльская катастрофа не ведае межаў. Нашы дзяржавы стараюцца разам пераадольваць гэту бяду. Рэалізаваны шэраг сумесных мерапрыемстваў у галіне радыеэкалагічнага маніторынгу, радыяцыйнага кантролю, сельскай, лясной гаспадаркі, каардынацыі навуковай, інфармацыйнай работы. Мы паспяхова ўзаемадзейнічаем у рамках чарнобыльскіх праектаў міжнародных арганізацый, - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - Аднак патэнцыял магчымасцей супрацоўніцтва Беларусі і Украіны выкарыстоўваецца далёка не ў поўным аб'ёме. Упэўнены, што нашы вучоныя, медыкі, эколагі - усе, хто ў Беларусі і Украіне працуе на ліквідацыю наступстваў аварыі, захаванне здароўя людзей на пацярпелых тэрыторыях, - могуць і павінны зрабіць значна больш".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Украіна цяпер распрацоўвае новую стратэгію пераадолення наступстваў катастрофы, плануе стварыць радыяцыйна-экалагічны біясферны запаведнік у чарнобыльскай зоне адчужэння. "Вы можаце разлічваць на нашу сумесную работу з выкарыстаннем вопыту Палескага запаведніка", - запэўніў беларускі лідар.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, работа па пераадоленні наступстваў катастрофы дала сур'ёзны штуршок укараненню інавацыйных метадаў у аграпрамысловым комплексе, лясной гаспадарцы Беларусі. "Мы навучыліся жыць і працаваць на тых землях, якія раней здавалася немагчымым вярнуць да жыцця. Гатовы дзяліцца з Украінай сваімі ведамі і ў гэтай галіне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"У 2016 годзе сумеснымі намаганнямі мы змаглі дабіцца прадаўжэння міжнароднага чарнобыльскага супрацоўніцтва пад эгідай ААН. Інтарэс сусветнай супольнасці да нашага горкага і разам з тым унікальнага вопыту па пераадоленні медыцынскіх, экалагічных, сацыяльных, эканамічных наступстваў катастрофы вельмі высокі", - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што і раней, і цяпер часам робяцца спробы зрабіць так, каб пра чарнобыльскую трагедыю забылі. "Міжнародная супольнасць нібыта ўсё зрабіла для таго, каб тут быў парадак. Ды і ў нашых краінах праз некаторы час сёй-той пачаў забываць пра небяспеку", - канстатаваў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што бакам каштавала нямала намаганняў, каб разам на галоўнай міжнароднай пляцоўцы - у ААН даказаць усяму свету, што небяспека застаецца і з ёй неабходна змагацца заўсёды, пакуль наступствы катастрофы не будуць канчаткова пераадолены.

"Існуючы ў нас вопыт трэба выкарыстоўваць, у тым ліку, у сумесных праектах па адраджэнні пацярпелых тэрыторый. Таксама пры падтрымцы ААН і партнёраў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі дадаў, што на пераадоленне буйнейшай тэхнагеннай катастрофы дзяржавы накіроўваюць велізарныя сродкі. Толькі для бюджэту Беларусі на сённяшні дзень гэта лічба перавышае $25 млрд. "Думаючы пра бяспеку будучых пакаленняў, мы накіроўваем сродкі ў ахоўныя мерапрыемствы на месцах, інвесціруем у чалавечыя рэсурсы, навуку, сучасныя тэхналогіі і вытворчасць", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Прэзідэнты Беларусі і Украіны наведалі Чарнобыльскую АЭС, азнаёміліся з будаўніцтвам новага бяспечнага ахоўнага збудавання і захоўваннем адпрацаванага ядзернага паліва, ушанавалі памяць загінулых ліквідатараў. Асаблівую ўвагу кіраўнікі дзяржаў удзялілі праводзімым работам па падтрыманні на належным узроўні радыяцыйнай бяспекі, што закранае непасрэдна інтарэсы жыхароў абедзвюх краін.

Кіраўнікам дзяржаў падрабязна расказалі аб унікальнай тэхналогіі, выкарыстанай пры ўзвядзенні новага ўкрыцця, а таксама далейшых планах па забеспячэнні бяспекі на аб'екце.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі