18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Злучаныя Штаты Амерыкі ніколі не ставілі перад Беларуссю пытанне аб супрацоўніцтве з Расіяй. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Пасланні беларускаму народу і парламенту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ніколі, акрамя першай сустрэчы, яны не ставілі пытанне пра Расію. Я ім адкрыта сказаў: Расія - гэта святое, гэта родныя нам людзі. Але ўсё роўна размовы, размовы, і я ім задаю пытанне: "Вы заўтра заменіце Беларусі Расію?" - "Не". - "Дык аб чым мы з вамі гаворым". Таму ў нас ёсць адна апора і надзея на захаванне нашага суверэнітэту і незалежнасці - гэта блізкі, родны нам народ, расіяне, якія нам дапамагаюць ва ўсім", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што гэтай палітыкі прытрымліваўся з першых дзён свайго прэзідэнцтва, нягледзячы на крытыку ўнутры самой Расіі.
"Я заўсёды зыходзіў з таго, што мы павінны быць разам. Пуцін, Лукашэнка - людзі прыходзяць і сыходзяць, а краіны, народы застаюцца назаўсёды. Пакуль я Прэзідэнт, мы ад гэтай палітыкі не адступім. Самыя блізкія сябры для нас - яны", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама адзначыў уклад кітайскага лідара Сі Цзіньпіна ў развіццё беларускай эканомікі, асабліва ў санкцыйны перыяд. "Калі б не было гэтых дзвюх краін, нам вельмі цяжка было б і мы заўсёды памяталі б, што мы пад санкцыямі. Яны здорава нам дапамагалі, мы гэта павінны разумець", - дадаў беларускі лідар.
Збеглая апазіцыя, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, прапануе адысці ад супрацоўніцтва з Расіяй і падключыцца да энергасістэмы Еўропы. Прэзідэнт нагадаў, што па такім шляху вырашылі пайсці і краіны Балтыі - гэта прывяло да імгненнага росту цэн на электраэнергію.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, цесныя адносіны Беларусі з Расіяй заснаваны далёка не на атрыманні танных энергарэсурсаў. "Мы аб гэтым мала гаворым, але мы гэту "бухгалтэрыю" не падтрымліваем, якую нам часам некаторыя ва ўрадзе Расіі падкідваюць: а мы вам гэта, а мы вам гэта. Мы не гаворым усё тое, што мы робім для расіян. Калі б я стаў пералічваць, не ведаю, у чый бок быў бы лік. Але мы з Прэзідэнтам Пуціным дакладна дамовіліся: мы дапамагаем адзін аднаму. Агрэсары мы, суагрэсары - няважна, што там пра нас кажуць. Мы павінны бачыць інтарэсы ўласнага народа. Беражыце гэту дружбу. Не дай бог мы недзе нахілімся і павядзёмся на гэтыя абяцанкі замежныя - пачнецца гібель нашай дзяржавы", - запэўніў Прэзідэнт.