18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адказаў на ўкіды аб схаваных на Блізкім Усходзе мільярдах. Адпаведныя заявы ён зрабіў у Пасланні беларускаму народу і парламенту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Не паспеў паехаць на Блізкі Усход - грошы хавае (пішуць апазіцыйныя рэсурсы. - Заўвага БЕЛТА). Чытаю - грошы хавае. Я думаю: ну навошта вы беларусаў за дурняў трымаеце?! Разважлівы чалавек задасць пытанне: "А як можна такія грошы схаваць?" Вось у нас Раман Галоўчанка - галоўны банкір. Як можна сёння схаваць грошы? Ды такія грошы!" - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт расказаў, што гэту тэму ён абмяркоўваў нядаўна ў вузкім коле. І было адзначана, што ў мінулым годзе пісалі пра $13 млрд, а цяпер пішуць пра $9 млрд. "І жартам (субяседнік гаворыць. - Заўвага БЕЛТА): дзе гэта Прэзідэнт за год праматаў $4 млрд. Я сам нават не звяртаў увагі. Ну такія грошы!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуўся да тых, хто піша пра гэта: "Хлопцы, вы ж, напэўна, ведаеце, дзе я схаваў. Ну вы іх забярыце. Трэба пісьмова даверанасць - я вам дам. Ідзіце, забярыце".
"Круцяць, верцяць... Яны (збеглыя. - Заўвага БЕЛТА) шукаюць, як насельніцтва адвесці ад гэтай праблемы, дзе яны прайгралі. І не думайце. Нідзе вы больш не пераможаце. Мы зрабілі высновы з 2020 года. І мы вас будзем бамбіць, бамбіць у інфармацыйнай сферы", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.