12 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў па выніках даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку расказаў журналістам аб сітуацыі з літоўскімі фурамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле яго слоў, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі ўжо суправадзілі больш за 1 тыс. літоўскіх фур, якія назбіраліся ў прыграніччы з-за рашэння ўлад Літвы аб закрыцці пунктаў пропуску на граніцы з Беларуссю, на спецыяльна абсталяваныя ахоўныя стаянкі. Для выканання гэтай задачы былі перадыслацыраваны экіпажы ДАІ з Гродна і Мінска, у тым ліку спецпадраздзяленні "Страла". Усе стаянкі знаходзяцца пад аховай патрулёў МУС. "Мы забяспечваем поўнасцю бяспеку", - запэўніў міністр.
Ён звярнуў увагу, што ўсе транспартныя сродкі, якія знаходзіліся ў прыграніччы, хаатычна размяшчаліся на праезнай частцы, на абочыне. "Вельмі шмат прычэпаў і паўпрычэпаў былі проста кінуты вадзіцелямі на праезнай частцы, што стварала пагрозу для руху транспартных сродкаў і перадумовы для ўчынення ДТЗ. Усе гэтыя прычэпы і паўпрычэпы не асвятляліся, ніяк не былі абазначаны, і, зразумела, гэта магло быць праблемай і садзейнічаць учыненню ДТЗ", - растлумачыў кіраўнік МУС.
Цяпер, паводле яго даных, яшчэ застаецца 26 такіх прычэпаў і паўпрычэпаў, якія безгаспадарна стаяць на праезнай частцы без вадзіцеляў. "Мы прымаем меры для ўстанаўлення ўласнікаў гэтых прычэпаў. Аднак, нягледзячы на тое, што ідзе інфармацыя ў СМІ, ніхто не з'явіўся і не эвакуіраваў іх. Цяпер мной дадзена каманда, і ўсе гэтыя прычэпы будуць адбуксіраваны на ахоўныя стаянкі", - падкрэсліў Іван Кубракоў.
Ён таксама нагадаў, што раней Прэзідэнт ставіў задачу аказваць усю неабходную дапамогу вадзіцелям, якія трапілі ў складаную сітуацыю з-за рашэння кіраўніцтва Літвы. "Пытанні, з якімі яны звяртаюцца да нашых супрацоўнікаў, вельмі розныя - ад дапамогі ў дастаўцы да гасцініцы, кропак грамадскага харчавання да аказання дапамогі па сувязі са сваякамі, пошукам знаёмых, каб паехаць і ў іх часова размясціцца", - заўважыў міністр.

Вадзіцелі, паводле яго слоў, адэкватна ацэньваюць існуючую сітуацыю і негатыўна выказваюцца наконт дзеянняў літоўскіх улад. "Вельмі негатыўна, не саромеючыся ў выказваннях, - удакладніў кіраўнік МУС. - Але тую дапамогу, якую мы аказваем, - вадзіцелі да яе нармальна ставяцца. Як і ставіў задачу Прэзідэнт - паставіцца па-чалавечы і аказаць усю неабходную дапамогу. Таму нават тыя пытанні ад вадзіцеляў, якія не зусім датычацца органаў унутраных спраў, мы ўсё роўна вырашаем".
МУС у адпаведнасці са сваімі кампетэнцыямі і задачамі, пастаўленымі Прэзідэнтам, прадаўжае маніторыць сітуацыю на прыгранічных тэрыторыях, забяспечваючы бяспеку дарожнага руху. "Экіпажы працуюць па ўзмоцненым варыянце нясення службы. Уся прылеглая тэрыторыя, дзе знаходзяцца літоўскія велікагрузы, знаходзіцца пад нашай аховай", - адзначыў Іван Кубракоў.
Адказваючы на пытанне, якая ў цэлым сітуацыя ў прыграніччы з пункту гледжання крымінагеннай абстаноўкі, міністр сказаў: "З улікам дзеянняў літоўскіх і польскіх улад мы ўзмацнілі ахову грамадскага парадку на прылеглых тэрыторыях. Цяпер мы сітуацыю поўнасцю кантралюем. Ахова грамадскага парадку забяспечваецца. Якіх-небудзь здарэнняў не дапушчана".
Акрамя таго, міністрам было даложана кіраўніку дзяржавы аб аператыўнай абстаноўцы ў краіне. Яна, як і раней, застаецца кантралюемай, падкрэсліў кіраўнік МУС. "Прэзідэнтам былі пастаўлены задачы па пэўных напрамках. Усе яны будуць выкананы ў поўным аб'ёме", - дадаў ён.