1 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэкордны тавараабарот Беларусі і Расіі, павышэнне ўзроўню бясшвовасці ў інтэграцыі эканомік дзвюх краін, а таксама пытанні аграрнага блока - аб тым, якія ключавыя тэмы абмяркоўваліся на Вышэйшым дзяржаўным савеце Саюзнай дзяржавы (ВДС СД), у інтэрв'ю "Першаму інфармацыйнаму" паведаміў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой.
Дзмітрый Крутой адзначыў, што ў час ВДС, які адбыўся нядаўна ў Маскве, панавала дзелавая атмасфера. "Вельмі канструктыўная, вельмі дзелавая атмасфера. У гэтым годзе, напэўна, не было нейкіх моцна вострых пытанняў, каб іскрыла або нехта ўздымаў нейкую ўжо занадта вострую праблематыку. Усё ж такі папярэдняя работа перад ВДС была праведзена вельмі вялікая, і прэзідэнты фактычна прымалі рашэнні па пэўных развілках, якія былі напрацаваны на ўзроўні саюзнага Саўміна або канкрэтных галіновых рэгулятараў. Такіх развілак было няшмат, але самыя прынцыповыя рэчы лідарам нашых краін удалося далажыць і атрымаць ад іх далейшыя ўказанні, як дзейнічаць на працягу 2026 года. Зразумела, вельмі шмат часу было прысвечана тавараабароту - гэта, калі гаварыць пра эканоміку, усё ж такі ключавы паказчык. Мінулы год - плюс 5,5 працэнта, фактычна $3 млрд мы дабавілі. Агульная лічба $55 млрд, чарговы рэкордны гістарычны максімум. За пяць гадоў - прырост на 37 працэнтаў, амаль на $16 млрд. Было цікавае параўнанне з Кітайскай Народнай Рэспублікай: па насельніцтву Беларусь і Кітай адрозніваюцца ў 140 разоў, а вось у гандлі з Расіяй усяго толькі ў чатыры разы. Расійскія калегі канстатавалі, што Беларусь устойліва ўваходзіць у топ-5 важнейшых гандлёвых партнёраў Расійскай Федэрацыі, гэта таксама для нас вельмі важны элемент", - падзяліўся кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.
У час ВДС прэзідэнты Беларусі і Расіі абмеркавалі напрамкі ў інтэграцыі эканомік дзвюх краін. "Асноўны блок, асноўны час абмеркавання быў прысвечаны напрамкам, якія складаюць, як вобразна нашы прэзідэнты сказалі, абалонкі нашай інтэграцыі, павышэнне ўзроўню бясшвовасці нашых эканомік. У першую чаргу гэта звязана з сістэмамі аўтаматызацыі. Асноўная з іх - гэта інтэграваная сістэма адміністравання ўскосных падаткаў, гэта ПДВ і акцызы, г.зн. фактычна гэта ядро нашай інтэграцыі, эканамічнае ядро, асноўная мэта, дзеля якой ствараўся вось гэты наднацыянальны падатковы камітэт. І менавіта гэта сістэма павінна паказаць максімальны ўзровень даверу да эканамічных і знешнегандлёвых аперацый, якія ажыццяўляюцца паміж нашымі краінамі і паміж нашымі канкрэтнымі суб'ектамі гаспадарання", - адзначыў Дзмітрый Крутой.
Другім важным элементам абмеркавання стала сістэма, якая дазваляе сачыць за рухам тавару. "Дамовіліся, што 1 мая 2026 года яна будзе запушчана для пілотнага набору тавараў. У першую чаргу гэта бытавая тэхніка - халадзільнікі, маразільнікі, пральныя машыны. Бытавая тэхніка - гэта сегмент, які падпадае пад непразрыстыя шэрыя схемы, яны ўзніклі ў рамках паралельнага імпарту. Вымушаная мера пасля падзей 2022 года. І вось як адзін з інструментаў, каб паступова згортваць вось гэты паралельны імпарт і пераводзіць яго на цывілізаваныя рэйкі, мы з расіянамі запускаем гэту сістэму нагляду. Вядома, пералік і набор тавараў будуць пашырацца. Аналагічна як трэцяя сістэма - гэта сістэма маркіроўкі. У мінулым годзе былі вызначаны прабуксоўкі ў нашых аператараў гэтай сістэмы, былі збоі ў перадачы своечасова вось гэтых кодаў. Дзякуй богу, усе гэтыя праблемы вырашаны. І вось як трэці інструмент сістэма маркіроўкі таксама запускаецца ў работу", - падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.
Акрамя таго, на ВДС кіраўнікі дзвюх дзяржаў заслухалі справаздачы па аграрным блоку. "Там два важныя элементы - гэта ветэрынарная частка і фітасанітарная частка. Спалучэнне фітасанітарных сістэм дзвюх краін дало магчымасць у мінулым годзе ўбраць з нашага парадку дня негатыўную тэму падкаранціннай прадукцыі, калі былі ўзаемныя абвінавачванні, што ў нас не супадалі пералікі прадукцыі, забароненай для ўвозу на тэрыторыю або Рэспублікі Беларусіь, або Расійскай Федэрацыі. І вось гэта электроннае спалучэнне расійскай сістэмы "Аргус-Фіта" і нашай "БЕЛФІТА" дазволіла тэму падкаранціннай прадукцыі з парадку дня зняць. І прэзідэнты канстатавалі, што гэта добры прыклад, як трэба рухацца далей", - адзначыў Дзмітрый Крутой.
Ён дадаў, што кіраўнікі дзяржаў паставілі задачу на гэты год вырашыць пытанне ў аналагічным рэчышчы і па ветэрынарным блоку, г.зн. па пастаўках малочнай і мясной прадукцыі. "Я думаю, ветэрынарная частка, калі запусціцца ў поўнай меры ў гэтым годзе, то гэта праблема таксама будзе знята. Гэта значыць фактычна шэсць ключавых інфармацыйных сістэм, я лічу, пабудаваны, запушчаны - дзесьці ў пілотным рэжыме, дзесьці ўжо ў паўнацэнным рэжыме. Але яны сталі б якраз вось гэтай абалонкай, якая поўнасцю абяліла б экспартна-імпартныя патокі паміж нашымі краінамі", - падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.