11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Журналіст амерыканскага часопіса TIME Сайман Шустэр у час сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам перадаў кіраўніку дзяржавы сваю кнігу пра Уладзіміра Зяленскага, паведамляе БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка размаўляў з журналістам каля трох гадзін, у тым ліку ў фармаце off the record, гэта значыць не пад запіс. Аб тым, што засталося за рамкамі інтэрв'ю, расказалі ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1".
Сайман Шустэр, у прыватнасці, прынёс на сустрэчу з кіраўніком дзяржавы сваю кнігу пра Уладзіміра Зяленскага і падарыў яе беларускаму лідару. Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, колькі часу пайшло на напісанне гэтай кнігі. Як заявіў журналіст, каля шасці месяцаў.
"Які жах! - адрэагаваў Прэзідэнт. - Я чытаў урыўкамі. Нават у бібліятэку аддам. Калі папросім яшчэ адзін экзэмпляр для маёй бібліятэкі - падарыш ужо. Можам купіць".
Time - амерыканскі штотыднёвы часопіс і інфармацыйны партал са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку. Цяпер Time мае каля 30 млн чытачоў па ўсім свеце, большасць з якіх жыхары ЗША, дзе часопіс не раз прызнаваўся самым папулярным друкаваным выданнем. Будучы адным з найбольш папулярных і распаўсюджаных палітычных часопісаў, Time лічыцца адным з самых аўтарытэтных выданняў свету.
Сайман Шустэр - амерыканскі журналіст, карэспандэнт часопіса Time з 2013 года. Ён нарадзіўся ў Маскве ў 1983 годзе. У 1989-м яго сям'я эмігрыравала ў ЗША.
У 2006 годзе Сайман Шустэр вярнуўся ў Маскву, дзе стаў працаваць журналістам, асвятляючы палітыку Расіі і суседніх дзяржаў для The Moscow Times, The Associated Press, Reuters, Time. Пасля артыкула "У Расіі - злачынства без пакарання" аб збітым Boeing 777 у Данецкай вобласці Сайману Шустэру быў забаронены ўезд у Расію. У сувязі з гэтым ён пераехаў для работы ў Берлін, дзе адказваў за асвятленне падзей у Еўропе і на постсавецкай прасторы. У лютым 2020 года пераехаў у Нью-Ёрк. Таксама вядомы сваімі матэрыяламі аб сітуацыі ва Украіне. У пачатку 2024 года Сайман Шустэр выпусціў кнігу "Шоумен: унутры ўварвання, якое ўзрушыла свет і зрабіла лідарам Уладзіміра Зяленскага".