4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ганаровае консульства Беларусі адкрылася ў эквадорскім горадзе Куэнка. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Эквадоры.
"Адбылася цырымонія ўручэння консульскага патэнта Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Эквадоры Мікалаем Аўсянкам і ўступлення на пасаду ганаровага консула Беларусі ў горадзе Куэнка. Ім стаў эквадорскі навуковы дзеяч у галіне медыцыны Клаўдыа Мігель Галарса Мальданада", - расказалі ў беларускай загранустанове.
Ганаровае консульства ў горадзе Куэнка ўключае консульскую акругу ў правінцыях Асуай, Гуаяс і Манабі. На думку беларускага боку, адкрыццё ганаровага консульства ў горадзе Куэнка будзе садзейнічаць развіццю беларуска-эквадорскага супрацоўніцтва.
Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Эквадорам устаноўлены ў маі 1993 года.