20 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў аб прапанове ЗША купляць іх звадкаваны газ. Падрабязнасцямі кіраўнік дзяржавы падзяліўся ў размове з журналістамі, расказваючы аб тым, як развіваецца дыялог з амерыканскім бокам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Аднойчы абмяркоўвалася пытанне, ці можам мы купіць амерыканскі звадкаваны газ (прывязуць праз Польшчу на "Гродна Азот"). Я гавару: "З вялікім задавальненнем, але вы зможаце канкурыраваць з расійскім прыродным газам?" - сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка тады растлумачыў, што расійскі газ паступае па трубаправодзе і па цане ніжэйшай, чым на сусветных рынках.
"Яны засмяяліся. Я кажу: "Ну вось вам адказ на гэта пытанне". Я, гавару, крыху ўмею лічыць. А на "Гродна Азоце" эканамістаў дастаткова, якія таксама палічаць і выберуць, што лепш, - дадаў кіраўнік дзяржавы. - Гэта значыць, я не паводжу сябе, як еўрапейцы (размова аб краінах Еўрасаюза. - Заўвага БЕЛТА). Сказалі купляць амерыканскае - усё, купляем, хоць у пяць разоў даражэй. Вось да чаго даскакаліся еўрапейцы".

Прэзідэнт канстатаваў, што на дадзеным этапе для краін ЕС ужо, як кажуць, "западло" купляць расійскае. "Гэта ўжо сёння пройгрыш вялікі. Ужо старэйшы наш брат (вы, напэўна, так акуратна намёк яго зразумелі), ён ужо будзе ім дыктаваць умовы. А нікуды не дзенуцца", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што заўсёды выступаў за захаванне Еўрасаюза як адной з апор планеты і за яго супрацоўніцтва з Расіяй. "Самае лепшае для іх - гэта рэсурсная база Расіі. Трэба з Расіяй, з намі выбудоўваць нармальныя адносіны. І ўсё будзе нармальна. Яны ж пайшлі іншым шляхам. Яны распласталіся перад амерыканцамі яшчэ ў часы Джо Байдэна. А потым іх і кінулі, гэтых амерыканцаў, як цяпер", - сказаў Прэзідэнт.
"Што ж… Не зрабілі элементарнае. Ну каму там рабіць? Ну вы ж бачыце гэтых "дзяўчынак", якія сёння ўзначальваюць не толькі міністэрства замежных спраў, але і ўсе структуры ў Бруселі. Я не супраць жанчын. Вы ведаеце, гэта асаблівае пакланенне перад імі. Але, вы бачыце, не такія, як у нас, жанчыны. Гэта ж смех. І не думаюць жа. Гэта іх справа", - рэзюмаваў беларускі лідар.