Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

10 Сак 2020

Эксперты прапануюць пераўтварыць мясцовае самакіраванне і ўзмацніць партыі пры змяненні Канстытуцыі

Эксперты прапануюць пераўтварыць мясцовае самакіраванне і ўзмацніць партыі пры змяненні Канстытуцыі
Фота з архiва

10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пры ўдасканаленні Канстытуцыі мэтазгодна заняцца пераўтварэннем мясцовага кіравання і самакіравання, узмацніць ролю партый. Такое меркаванне газеце "СБ. Беларусь сегодня" выказалі эксперты, паведамляе БЕЛТА.

Загадчык кафедры канстытуцыйнага права БДУ, доктар юрыдычных навук, прафесар Рыгор Васілевіч, разважаючы аб тым, што можна было б змяніць у Канстытуцыі сёння, прапанаваў "заняцца істотным пераўтварэннем мясцовага кіравання і самакіравання". "Гэта дасць магчымасць надаць новыя імпульсы ўдзелу грамадзян у кіраванні справамі дзяржавы. Можна было б таксама пашырыць паўнамоцтвы мясцовых Саветаў з пункту гледжання фарміравання эканамічнай базы, падумаць і аб кантрольных паўнамоцтвах парламента. Тут шмат надзей на Савет Рэспублікі", - сказаў эксперт.

"Часта прыняцце многіх непапулярных у грамадстве мер кіраўнік дзяржавы бярэ на сябе. Гэта характарызуе статус і адказнасць Прэзідэнта, яго стаўленне да вырашэння праблем. Кіраўнік дзяржавы не ўхіляецца ад асабістай адказнасці і стараецца належным чынам сам наладзіць у дзяржаве ўсю работу. Але таксама важна ўзмацніць ролю парламента, павысіць ролю суб'ектаў заканадаўчай ініцыятывы", - дадаў Рыгор Васілевіч.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Алег Гайдукевіч згадзіўся з неабходнасцю перагляду паўнамоцтваў мясцовых органаў улады і, магчыма, увядзення сістэмы выбараў іх кіраўнікоў. "Але, аб'яві такія выбары сёння, у іх пераможа той, хто багацейшы. Абавязкова неабходны ахоўныя механізмы ад такіх сітуацый. Пазбегнуць такой рызыкі даюць магчымасць палітычныя партыі і развітая палітычная сістэма краіны. На мой погляд, змяненнямі ў Канстытуцыю мы павінны ўзмацніць ролю палітычных партый і наогул палітычных інстытутаў. І зрабіць наш парламент больш партыйным", - лічыць дэпутат.

"Для гэтага выбары павінны праводзіцца не па аднамандатных акругах, а па змешанай сістэме або па партыйных спісах, - прадоўжыў ён. - Умацаванне партый дасць магчымасць стварыць механізмы для далейшага ўзмацнення і інстытутаў улады, і мясцовых органаў улады, а значыць, суверэнітэту і незалежнасці краіны.

Дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вадзім Гігін звярнуў увагу, што працэс унясення змяненняў у Канстытуцыю - гэта не толькі юрыдычная працэдура, але і моцная ідэалагічная кампанія. "Сам ход унясення змяненняў у Канстытуцыю - незалежна ад таго, будуць яны ўлічаны або не, - гэта вельмі важны палітычны працэс. Ён актывізуе грамадзянскую адказнасць людзей, дае магчымасць улічыць меркаванні, якія ёсць у грамадстве. А гэта сапраўды павышае палітычную культуру і дазваляе правесці пэўную рэвізію пройдзенага шляху не толькі ў юрыдычным плане, але і ў палітыка-культурным", - падкрэсліў ён.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі