18 чэрвеня, Рэчыца /Кар. БЕЛТА/. Дзеці і дарослыя з аўтобуса, які трапіў пад удар УСУ ў Бранскай вобласці, вярнуліся дадому ў Рэчыцу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У рэчычанкі Наталлі Мурашка ў аўтобусе, які трапіў пад удар, ехалі двое дзяцей - сын Іван і дачка Аляксандра. "Атрымала шок, калі пачула пра здарэнне. І першае пытанне было, ці жывыя дзеці. Дзякуй Богу, дзеці жывыя", - падзялілася эмоцыямі жанчына ў момант чакання прыбыцця аўтобусаў у Рэчыцу.
Яна расказала, што спачатку з яе дзяцей сын выйшаў на сувязь, сказаў, што ўсё ў іх добра.


"А калі дачка патэлефанавала, сказала, перасеклі граніцу, эмоцыі захліснулі: дзякуй Богу, што дома. Госпадзі, не трэба Геленджык, мы і на Дняпры адпачнём, у Беларусі з дзецьмі", - дадала жанчына.
У Геленджык накіроўваўся і сын Аксаны Бандарэнка Уладзіслаў. Ён ехаў не ў пацярпелым ад атакі аўтобусе. "Я на рабоце была, калі мне патэлефанавалі і спыталі, дзе мой сын. Я гавару: паехаў. А мне адказваюць: ты што, не ведаеш, што здарылася? І я проста прысела. Калі сказалі, што невядома, які аўтобус пацярпеў, гэта было проста (не перадаць словамі. - Заўвага БЕЛТА). Гэта быў страшны для мяне дзень", - апісала свае пачуцці жанчына.
"А калі пачула голас сына з Бранска, гэта было галоўнае - проста пачуць. Калі б з ім нешта здарылася, я б усё жыццё сябе вінаваціла", - не хавала эмоцый маці.


Момант пасля атакі БПЛА апісаў пасажыр пацярпелага аўтобуса - хлопчык Данііл. "Я ўбачыў, што каля трох частак шкла не было. Іх павыбівала. І потым пачалі выводзіць хлопчыкаў, якія пацярпелі. У аднаго хлопчыка быў поўнасцю твар у крыві. Аднаго павёз грамадзянскі мужчына ў бліжэйшую бальніцу, таму што ён страціў прытомнасць на некалькі секунд. Я моцна спалохаўся", - расказаў Данііл.
Як паведамлялася, 17 чэрвеня ў Бранскай вобласці ўкраінскімі ўзброенымі фарміраваннямі ўчынена атака ўдарным БПЛА па аўтобусе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы нумар 2 Рэчыцы. У транспартным сродку, які накіроўваўся з Рэспублікі Беларусь у Геленджык, знаходзіліся 44 чалавекі, з іх 28 дзяцей-спартсменаў. Усе яны накіроўваліся на адпачынак.


Паводле інфармацыі Гомельскага аблвыканкама, шэсць чалавек застаюцца ў бальніцы ў Бранскай вобласці.

18 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Шэсць пацярпелых у Бранскай вобласці эвакуіруюць у Беларусь, паведаміў журналістам міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Эвакуацыя нашых грамадзян - і маленькіх дзетак і дарослага - была пачата сёння з самай раніцы, калі дазволілі абстаноўка і стан іх здароўя", - сказаў Аляксандр Хаджаеў.
"На гэты момант эвакуіруюцца шэсць пацярпелых. З іх два цяжкія: адно дзіця і адзін дарослы. І чатыры чалавекі ў стане рознай ступені цяжкасці, але не цяжкія", - сказаў міністр.
Хлопчыку, які знаходзіцца ў цяжкім стане, учора вечарам змешанай брыгадай, куды ўваходзілі спецыялісты з Масквы, Бранска і Беларусі, праведзена аперацыя.
"На гэты момант калегіяльна прынята рашэнне, што іх можна эвакуіраваць, у сувязі з чым раніцай пачалася эвакуацыя", - дадаў міністр.
