1 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Алжыра Абдэльмаджыда Тэбуна і народ гэтай краіны з нацыянальным святам - Днём рэвалюцыі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
"Гэта дата стала паваротнай вяхой у гісторыі Алжыра, з якой пачаўся гераічны шлях нацыі да незалежнасці і права самастойна вызначаць свой лёс", - гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што эпоха аднабаковай гегемоніі і дыктату адыходзіць у мінулае, уступаючы месца шматпалярнаму і больш справядліваму свету. У такіх умовах вельмі важна ўмацоўваць каардынацыю паміж краінамі, якія падзяляюць прыхільнасць да сапраўднага партнёрства, заснаванага на павазе, роўнасці і неўмяшанні ва ўнутраныя справы, звярнуў увагу Прэзідэнт.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Беларусь і Алжыр ужо сёння дэманструюць прыклад такога ўзаемадзеяння на міжнародных пляцоўках у падтрымцы прынцыпаў суверэнітэту і адмовы ад палітыкі санкцыйнага націску.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што па запрашэнні Абдэльмаджыда Тэбуна плануе ў хуткім часе наведаць Алжыр. "Перакананы, наш двухбаковы дыялог надасць дадатковы імпульс далейшаму супрацоўніцтву", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт Беларусі пажадаў Прэзідэнту Алжыра добрага здароўя і паспяховага ажыццяўлення планаў, а братэрскаму народу гэтай краіны - міру і шчасця.