25 лютага, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Бюджэт Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі на 2016 год зацверджаны ў памеры больш як 6 млрд расійскіх рублёў. Аб гэтым заявіў сёння журналістам Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка лічыць гэта рашэнне важным у бягучай няпростай фінансава-эканамічнай сітуацыі.
Значная частка гэтых сродкаў прадугледжана для фінансавання саюзных праграм і мерапрыемстваў у ключавых сферах двухбаковага ўзаемадзеяння.
На пасяджэнні ВДС разгледжаны таксама ход выканання Прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву (2014-2017 гады). Паводле слоў беларускага лідара, вызначаны дакладныя арыенціры для далейшых крокаў, накіраваных на захаванне дадатнай дынамікі саюзнага будаўніцтва.