13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Закрыццё Польшчай граніцы з Беларуссю пагражае стабільнасці ў рэгіёне. Аб гэтым заявіў часовы павераны ў справах Беларусі пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Арцём Тозік на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Беларускі дыпламат заўважыў, што бягучае пасяджэнне Савета Бяспекі ААН праводзіцца на фоне закрыцця Польшчай граніцы з Беларуссю.
"Спынены аўтамабільныя і чыгуначныя зносіны, паралізаваны транзіт, спынены рух людзей. Ці не гэта сітуацыя стварае рэальныя пагрозы стабільнасці ў рэгіёне? Рашэнне польскіх улад аб закрыцці граніцы з Беларуссю з'яўляецца прыкладам беспадстаўных, антынародных крокаў, накіраваных супраць простых грамадзян як Беларусі, так і Польшчы, а таксама замежных грамадзян", - сказаў Арцём Тозік.
Паводле яго слоў, такія крокі польскага боку - відавочнае злоўжыванне сваім геаграфічным становішчам, прыватызацыя меж ЕС, ЕАЭС, Захаду і Усходу.
"Такія меры з'яўляюцца прадаўжэннем курсу на падрыў адносін з суседнімі краінамі і садзейнічаюць далейшай эскалацыі напружанасці ў рэгіёне, ствараючы рызыкі для стабільнасці і прадказальнасці ў міжнародных адносінах. Кіраўніцтва ААН і Еўрапейскага саюза павінны даць прынцыповую ацэнку такім дзеянням", - падкрэсліў дыпламат.
Прадстаўнік Беларусі заклікаў Савет Бяспекі ААН глянуць на гэтыя дзеянні і адрэагаваць належным чынам. "Замест дэстабілізуючай рыторыкі і паводзін заклікаем усе бакі вярнуцца ў рэчышча канструктыўнага ўзаемадзеяння і дыялогу. Зноў заяўляем аб прыхільнасці Беларусі да выключна мірных крокаў для ўрэгулявання процістаяння. Гатовы і далей садзейнічаць пошуку ўзаемапрымальных развязак канфлікту", - рэзюмаваў Арцём Тозік.