Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

16 Mar 2017

Беларусь заклікае краіны ААН палепшыць каардынацыю намаганняў у барацьбе з гандлем людзьмі

16 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў у час удзелу ў адкрытай дыскусіі Савета Бяспекі ААН "Барацьба з гандлем людзьмі ва ўмовах канфліктаў", якая прайшла 15 сакавіка ў штаб-кватэры арганізацыі ў Нью-Ёрку (ЗША), заклікаў краіны палепшыць каардынацыю намаганняў у барацьбе з гандлем людзьмі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.

"Намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі заклікаў дзяржавы - члены ААН не спаборнічаць у ініцыятывах па барацьбе з гандлем людзьмі, а палепшыць каардынацыю намаганняў на адкрытай і прадказальнай аснове, калі ўдзельнікамі работы выступаюць усе дзяржавы без выключэння", - расказалі ў міністэрстве.

Як адзначыў Валянцін Рыбакоў, наступны агляд глабальнага плана дзеянняў па барацьбе з гандлем людзьмі, які адбудзецца ў верасні 2017 года, дае выключны шанц дзяржавам ацаніць існуючыя праблемы і выпрацаваць далейшыя дзеянні па барацьбе з гандлем людзьмі. У сувязі з гэтым намеснік міністра заклікаў краіны сур'ёзна і канструктыўна падысці да гэтага працэсу.

У сваім выступленні беларускі дыпламат таксама падкрэсліў, што праблема гандлю людзьмі не павiнна ператварацца ў прэрагатыву Савета Бяспекі ААН, каб не дапусціць дубліравання функцый асноўных органаў ААН. Такое злачынства мае транснацыянальны характар, і ўдзельнічаць у барацьбе з ім павінны ўсе дзяржавы. Таму Генеральная асамблея ААН як адзіны галоўны орган Арганізацыі Аб'яднаных Нацый універсальнага характару павінна заставацца асноўным форумам для выпрацоўкі і каардынацыі намаганняў па гэтым пытанні.

Валянцін Рыбакоў 15 сакавіка таксама прыняў удзел у спецыяльным пасяджэнні высокага ўзроўню "Асноўныя прычыны гандлю людзьмі: ключавая роля сям'і ў ахове і папярэджанні". Мерапрыемства арганізавана па ініцыятыве Беларусі Групай сяброў сям'і ААН разам з партнёрамі з міжнародных і амерыканскіх няўрадавых арганізацый, якія выступаюць у падтрымку сям'і.

У сваім выступленні ад імя Групы сяброў сям'і ААН Валянцін Рыбакоў спыніўся на фактарах рызыкі, што падштухоўваюць патэнцыяльных ахвяр у рукі гандляроў людзьмі. Сярод гэтых фактараў беларускі дыпламат назваў беднасць, адсутнасць адукацыі і дастатковых сродкаў да існавання, дыскрымінацыю і насілле па прыкмеце полу.

Намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі звярнуў асаблівую ўвагу ўдзельнікаў дыскусіі на ролю сям'і ў прадухіленні гэтага злачынства. Ён падкрэсліў, што стабільныя сямейныя адносіны могуць забяспечыць жыццёва важную ахову ад псіхічнага і фізічнага насілля і знізіць эканамічную неабароненасць, якія з'яўляюцца аднымі з асноўных фактараў гандлю людзьмі.

Валянцін Рыбакоў выказаў надзею, што наступны агляд глабальнага плана дзеянняў па барацьбе з гандлем людзьмі, які адбудзецца восенню на пасяджэнні высокага ўзроўню Генасамблеі ААН, дасць магчымасць устанавіць новыя інавацыйныя партнёрскія адносіны дзяржаў - членаў ААН з міжнароднымі міжурадавымі арганізацыямі, грамадзянскай супольнасцю па ўсебаковым вырашэнні гэтай праблемы пры забеспячэнні дастойнага месца сям'і ў гэтым працэсе.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі