Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

20 Сак 2025

Беларусь з 20 сакавіка ўводзіць электронныя візы

Беларусь з 20 сакавіка ўводзіць электронныя візы
Фота з архiва

20 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З 20 сакавіка замежныя грамадзяне могуць уязджаць у Беларусь па электроннай візе. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Такая магчымасць прадугледжана пастановай урада ад 16 снежня 2024 года нумар 953, якая ўносіць змяненні ў візавыя правілы Рэспублікі Беларусь.

Такая опцыя даступна ўладальнікам звычайных пашпартоў 67 дзяржаў, у тым ліку ЗША, Канады, дзяржаў ЕС, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Японіі, Вялікабрытаніі і іншых краін.

Электронныя візы з'яўляюцца аднаразовымі і індывідуальнымі і выдаюцца на тэрмін не большы за 30 сутак. У залежнасці ад мэты паездкі прадугледжаны наступныя катэгорыі электронных віз: дзелавая паездка; удзел у спартыўных, культурных, навуковых, адукацыйных мерапрыемствах і стажыроўках; прыватныя справы; турызм.

Электронныя візы выдаюцца ў аўтаматычным рэжыме без неабходнасці наведвання беларускіх загранустаноў і прадастаўлення дакументаў візавай падтрымкі.

Консульскі збор за выдачу электроннай візы не адрозніваецца ад збору за візу, што ўклейваецца ў пашпарт. Акрамя консульскага збору, неабходна таксама аплаціць сэрвісны збор у памеры 6 еўра. Для атрымання такой візы іншаземцу дастаткова будзе стварыць асабісты кабінет на сайце "Е-Паслуга" (https://e-pasluga.by/home.html) (у тым ліку праз мабільны дадатак "Е-Паслуга") і падаць візавую заяўку, выбраўшы адпаведную паслугу: код паслугі 3.04.01, назва паслугі "Выдача электронных віз". Візавая заяўка разглядаецца на працягу сямі каляндарных дзён.

Пры ўездзе ў Беларусь і ў час знаходжання ў краіне іншаземец па патрабаванні кампетэнтных органаў абавязаны прад'яўляць экзэмпляр электроннай візы ў электронным выглядзе або на папяровым носьбіце.

Уезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь па электроннай візе магчымы праз усе міжнародныя пункты пропуску (аўтадарожныя, чыгуначныя, Нацыянальны аэрапорт Мінск, аэрапорты Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва).

У МЗС звярнулі ўвагу: усе ўведзеныя раней бязвізавыя рэжымы захоўваюць сваё дзеянне.

У спісе дзяржаў, грамадзяне якіх могуць атрымаць электронную візу:

Аўстралія; Аўстрыя; Андора; Антыгуа і Барбуда; Барбадос; Бахрэйн;
Бельгія; Балгарыя; Балівія;
Боснія і Герцагавіна; Вануату;
Ватыкан; Вялікабрытанія;
Венгрыя; Германія; Грэцыя;
Данія; Дамініка; Інданезія;
Ірландыя; Ісландыя; Іспанія;
Італія; Канада; Кіпр; Калумбія;
Карэя; Кувейт; Латвія *; Літва;
Ліхтэнштэйн; Люксембург;
Малайзія; Мальта; Мексіка;
Мікранезія; Манака;
Нідэрланды; Новая Зеландыя;
Нарвегія; Аман; Панама; Парагвай;
Перу; Польшча; Партугалія; Румынія; Сальвадор; Сан-Марына;
Саудаўская Аравія; Паўночная Македонія;
Сейшэльскія Астравы;
Сент-Вінсент і Грэнадзіны;
Сінгапур; Славакія; Славенія;
ЗША; Уругвай; Фінляндыя;
Францыя; Харватыя; Чэхія;
Чылі; Швейцарыя; Швецыя;
Эстонія **; Японія.
(* У тым ліку неграмадзяне Латвіі.
** У тым ліку асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Эстоніі).

Аплата за разгляд візавай заяўкі ажыццяўляецца банкаўскімі карткамі плацежных сістэм Visa International або Masterсard Worldwide.

Консульскі збор складае:

35 еўра - для грамадзян Аўстрыі, Бельгіі, Балгарыі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Мальты, Нідэрландаў, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швецыі, Эстоніі, а таксама асоб без грамадзянства, якія пражываюць у Эстоніі, і неграмадзян Латвіі;
60 еўра - для грамадзян іншых дзяржаў;
0 еўра (бясплатна) - для грамадзян Японіі;
0 еўра (бясплатна) - для не дасягнуўшых 12-гадовага ўзросту грамадзян Аўстрыі, Бельгіі, Балгарыі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Мальты, Нідэрландаў, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швецыі, Эстоніі;
0 еўра (бясплатна) - для не дасягнуўшых 14-гадовага ўзросту грамадзян іншых дзяржаў, неграмадзян Латвіі і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Эстоніі.

Збор за ажыццяўленне банкам інтэрнэт-эквайрынгу і карыстанне электроннай паслугай па выдачы электронных віз складае 6 еўра і спаганяецца з кожнага заяўніка, незалежна ад узросту і грамадзянства.


 

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі