Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

1 Крс 2015

Беларусь разлічвае на падтрымку Сусветнага банка пры абмеркаванні дарожнай карты з МВФ

1 красавіка, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Беларусь разлічвае на актыўную пазіцыю і падтрымку Сусветнага банка пры абмеркаванні дарожнай карты з Міжнародным валютным фондам у час вясенняй сесіі МВФ і СБ у Вашынгтоне 17-18 красавіка. Аб гэтым сёння заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы з дырэктарам аддзела Украіны, Беларусі і Малдовы Сусветнага банка Чымяа Фанам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што ў цяперашніх няпростых умовах Беларусь разлічвае на партнёрства з Сусветным банкам - як для стварэння новых кропак росту, так і для правядзення эканамічных пераўтварэнняў. "Мы вітаем узважаны і індывідуальны падыход да аналізу эканамічнай сітуацыі ў нашай краіне і ўдзячны Сусветнаму банку за дапамогу ў распрацоўцы дарожнай карты структурных рэформ", - сказаў прэм'ер-міністр.

Беларускі бок, паводле слоў Андрэя Кабякова, цэніць падтрымку Сусветнага банка як у частцы экспертнай дапамогі, так і ў вырашэнні актуальных пытанняў канкрэтных сектараў эканомікі. Ён адзначыў важнасць праектаў, звязаных з развіццём дарожнай інфраструктуры, сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення, абыходжання з цвёрдымі бытавымі адходамі.

Прэм'ер-міністр спыніўся на двух праектах - па рэканструкцыі аўтадарогі Мінск - Гродна і павышэнні эфектыўнасці работы беларускай мытні на граніцы з Польшчай, а таксама па развіцці ляснога сектара. "Два гэтыя праекты маюць вялікае эканамічнае значэнне для краіны. Плюс гэта вельмі добры наглядны прыклад супрацоўніцтва Беларусі і Сусветнага банка", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў. Цяпер актыўна прапрацоўваецца праект, накіраваны на развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Акрамя таго, Беларусь зацікаўлена ў рэалізацыі праекта па мадэрнізацыі кіравання дзяржаўнымі фінансамі.

Падводзячы прамежкавыя вынікі супрацоўніцтва Беларусі і Сусветнага банка, кіраўнік урада адзначыў, што ўзаемадзеянне выходзіць на якасна новы ўзровень. Прадстаўніцтва СБ у Беларусі выбудавала партнёрскія адносіны з рэспубліканскімі органамі кіравання і рэгіёнамі. "Гэта нас вельмі задавольвае, і мы маем намер і далей падтрымліваць высокі ўзровень узаемнага даверу", - сказаў прэм'ер-міністр.

У сваю чаргу Чымяа Фан звярнуў увагу, што партфель узаемадзеяння Сусветнага банка і Беларусі за апошнія некалькі гадоў падвоіўся, і СБ зацікаўлены ў тым, каб развіваць партнёрства.

Беларусь стала членам Сусветнага банка ў 1992 годзе. За час супрацоўніцтва краіне былі выдзелены крэдытныя рэсурсы ў памеры $1,43 млрд. Цяпер інвестыцыйны партфель уключае сем праектаў на агульную суму $938 млн.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі