17 лютага, Асіповіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Беларусь папросіць Расію стварыць вучэбны цэнтр для асваення расійскіх аператыўна-тактычных ракетных комплексаў "Іскандэр". Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння журналістам пасля азнаямлення з ходам беларуска-расійскага вучэння "Саюзная рашучасць - 2022" на палігоне Асіповіцкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з расійскім бокам дасягнуты дамоўленасці аб стварэнні ў Беларусі некалькіх вучэбных цэнтраў для асваення сучаснай зброі. "Наша армія знаходзіцца на вастрыі, яна павінна валодаць самай сучаснай зброяй. Мы або яе будзем купляць, або расіяне нам будуць пастаўляць нешта за свой кошт, таму што армія агульная", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, ужо створаны тры вучэбныя цэнтры. Таксама ёсць планы па стварэнні вучэбнага цэнтра, дзе беларускія ваеннаслужачыя пры дапамозе расійскіх спецыялістаў будуць асвойваць "Іскандэры". "Добрая зброя. Нам трэба яе асвоіць? Трэба. Мы будзем купляць гэту зброю ў Расійскай Федэрацыі. Таму я буду прасіць, каб быў чацвёрты цэнтр, па "Іскандэрах", каб мы маглі асвоіць і гэту тэхніку", - заявіў Прэзідэнт.
Ён дадаў, што Беларусь таксама зацікаўлена ў падрыхтоўцы ў Калінінградзе або Мурманску сваіх маракоў, якія служылі б потым у сумесных часцях.