20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Увесь спектр пытанняў двухбаковых адносін будзе закрануты ў час візіту ў Беларусь у бліжэйшы час першага намесніка старшыні Дзяржаўнага савета і Савета Міністраў Кубы Мігеля Марыа Дыяса-Канеля Бермудэса. Аб гэтым БЕЛТА паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.
Беларускі бок разглядае сам факт гэтага візіту як сведчанне глыбокай узаемнай зацікаўленасці ў далейшым развіцці двухбаковых сувязей, нарошчванні супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, гуманітарнай і іншых сферах, падкрэсліў Дзмітрый Мірончык.
"Упэўнены, што дасягнутыя ў ходзе візіту вынікі нададуць дадатковы моцны імпульс развіццю беларуска-кубінскага супрацоўніцтва, умацаванню дружбы на карысць нашых краін і народаў", - сказаў прэс-сакратар МЗС.
Куба - гэта адзін з вядучых партнёраў Беларусі і ў Лацінскай Амерыцы, і на міжнароднай арэне ў цэлым. Таму ў ліку прыярытэтаў - пашырэнне адносін. Дзмітрый Мірончык нагадаў аб інтэнсіўных двухбаковых палітычных кантактах на ўсіх узроўнях. Так, летам 2014 года Кубу наведаў міністр замежных спраў. У верасні мінулага года на пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН сустракаліся лідары дзвюх краін.
У Гаване ў пачатку мая прайшло першае пасяджэнне сумеснай беларуска-кубінскай камісіі па супрацоўніцтве ў сферы навукі і тэхналогій. У час гэтага пасяджэння абмяркоўваліся перспектыўныя напрамкі навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва, у тым ліку ў галіне аховы здароўя, сельскай гаспадаркі, машынабудавання, энергетыкі і экалогіі. Была зацверджана Праграма беларуска-кубінскага навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва на 2016-2018 гады.
Беларусь і Куба пачынаюць практычную рэалізацыю важных праектаў у гандлёва-эканамічнай і іншых галінах. "На Кубе вядома прадукцыя Мінскага аўтамабільнага завода, Мінскага трактарнага завода. Гэтыя кампаніі цяпер разглядаюць магчымасць адкрыцця сваіх прадстаўніцтваў на Кубе", - адзначыў прэс-сакратар МЗС.