14 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская дэлегацыя 15-16 кастрычніка прыме ўдзел у 19-й міністэрскай сустрэчы краін Руху недалучэння, якая адбудзецца ў г. Кампала (Рэспубліка Уганда). Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Беларусь будзе выконваць функцыі намесніка старшыні РН ад еўрапейскай рэгіянальнай групы.
Прадстаўнікі Беларусі прымуць удзел у пленарнай дыскусіі на тэму "Паглыбленне супрацоўніцтва ў імя агульнага глабальнага дабрабыту". У нацыянальным выступленні будуць выкладзены падыходы Рэспублікі Беларусь да ўмацавання ролі Руху недалучэння ў пабудове справядлівага і ўстойлівага светапарадку, кансалідацыі пазіцыі краін-членаў па ключавых міжнародных пытаннях, нарошчванні эканамічнага патэнцыялу дзяржаў РН і развіцці доўгатэрміновага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена пытанням устойлівага развіцця, інавацыйнага эканамічнага ўзаемадзеяння і ўмацавання супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы.
Акрамя таго, запланаваны сустрэчы з кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў краін гэтай арганізацыі.
Рух недалучэння створаны ў 1961 годзе для абароны інтарэсаў дзяржаў, якія сталі на шлях развіцця. Рэспубліка Беларусь з'яўляецца яго членам з 1998 года. Цяпер рух аб'ядноўвае 121 краіну, 18 дзяржаў маюць статус наглядальніка, а таксама 10 міжнародных арганізацый, у тым ліку ААН. Арганізацыя будуе сваю работу на прынцыпах паважання суверэнітэту, адмовы ад прымянення сілы і ўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў, забеспячэння права краін самастойна вызначаць сваю палітычную, эканамічную, сацыяльную і культурную сістэму.