Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

18 Сак 2019

Беларусь і Вялікабрытанія падпісалі пагадненне аб міжнародных аўтазносінах

Беларусь і Вялікабрытанія падпісалі пагадненне аб міжнародных аўтазносінах

18 сакавіка, Мінск /Таццяна Лісатовіч - БЕЛТА/. Беларусь і Вялікабрытанія падпісалі пагадненне аб міжнародных аўтамабільных зносінах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэта пагадненне неабходна для прававога рэгулявання пытанняў, звязаных з ажыццяўленнем міжнародных аўтамабільных перавозак пасажыраў і грузаў паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй, а таксама транзітам праз іх тэрыторыі.

Дакументам прадугледжваецца, што міжнародныя аўтамабільныя перавозкі арганізуюцца па тэрыторыях краін у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам той дзяржавы, дзе яны выконваюцца, на падставе дазволаў, выдадзеных кампетэнтнымі органамі бакоў пагаднення. Форма і колькасць дазволаў будуць узгадняцца сумесным камітэтам.

Пагадненне таксама прадугледжвае забарону на выкананне кабатажных перавозак, што садзейнічае абароне правоў нацыянальных перавозчыкаў на рынку транспартных паслуг і, па аналогіі з ужо заключанымі пагадненнямі з замежнымі дзяржавамі, змяшчае ўмовы ўзаемнага вызвалення ад мытных пошлін, падаткаў і збораў, звязаных з валоданнем або выкарыстаннем транспартных сродкаў. Як чакаецца, пагадненне створыць дадатковыя перадумовы для павелічэння аб'ёмаў работы беларускіх перавозчыкаў у напрамку Вялікабрытаніі і, як вынік, у напрамку сумежных з ёй дзяржаў.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі Фіёна Гіб адзначыла важнасць падпісанага сёння дакумента, падкрэсліўшы, што гэты крок значна спросціць жыццё міжнародным аўтаперавозчыкам.

У сваю чаргу міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка адзначыў: "Самы важны эфект, якога мы чакаем, - гэта павелічэнне экспарту транспартных паслуг. Усе нашы далейшыя дзеянні, і падпісанне пагаднення ў тым ліку, павінны працаваць на павелічэнне экспартнай выручкі краіны ў цэлым і транспартных паслуг у прыватнасці".

Міністр адзначыў, што Вялікабрытанія - гэта ўжо 45-я краіна, з якой у Беларусі падпісана пагадненне аб міжнародных аўтамабільных зносінах. Сёння з нашай краіны ў Злучанае Каралеўства аўтамабільным транспартам перавозяцца аўтазапчасткі, лекавыя сродкі і іншыя высокаліквідныя тавары. Наступнай краінай, з якой плануецца заключыць такое пагадненне, павінен стаць Кітай. Міністр выказаў надзею, што гэта можа адбыцца ўжо ў бягучым годзе.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі