9 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Узбекістан нарошчваюць супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі Беларусі.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец сустрэўся з намеснікам міністра замежных спраў Узбекістана Алімжонам Абдулаевым, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Узбекістана Рахматулой Назаравым. У фокусе ўвагі была падрыхтоўка кадраў па запатрабаваных прафесіях і развіццё прафесійнай адукацыі. Таксама абмяркоўвалася дзейнасць Беларуска-Узбекскага інстытута прыкладных і тэхнічных кваліфікацый.
"Беларуская адукацыя высока цэніцца ва Узбекістане. У Беларусі навучаюцца больш як 35 тыс. замежных студэнтаў, 10 працэнтаў з якіх складаюць грамадзяне Узбекістана", - праінфармавалі ў ведамстве.
Узбекскі бок падкрэсліў, што зацікаўлены ў развіцці міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва з выдачай двайных дыпломаў, у пашырэнні акадэмічнай мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў, рэалізацыі сумесных навукова-даследчых праектаў.
Больш дэталёва абмеркаваць двухбаковыя пытанні плануецца 16-17 чэрвеня ў Мінску ў рамках 10-й нарады міністраў адукацыі дзяржаў - членаў ШАС.