10 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска-кітайскае міжпарламенцкае супрацоўніцтва дасягнула высокага ўзроўню. Важнасць гэтага адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік 10 верасня ў Пекіне на палях сустрэчы з кіраўніцтвам Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сяргей Алейнік удзельнічае ў Міжнародным форуме дружалюбных абменаў паміж дэпутатамі на тэму "Стварэнне глабальнага супрацоўніцтва ў імя сумеснага ўстойлівага развіцця", які праходзіць у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі заканадаўчых органаў амаль 50 краін свету.
У час сустрэчы з калегамі беларускі прадстаўнік падкрэсліў важнасць правядзення гэтага форуму, які аб'ядноўвае парламентарыяў розных краін і дае магчымасць абмяняцца думкамі, вопытам па ўсім спектры міжнароднага парламенцкага супрацоўніцтва, устанавіць новыя кантакты і намеціць планы на перспектыву.
Сяргей Алейнік павіншаваў кітайскіх сяброў з паспяховым старшынствам КНР у ШАС і правядзеннем буйнейшага ў гісторыі арганізацыі саміту, вынікі якога накіраваны на ўмацаванне трывалага фундаменту еўразійскай бяспекі і ўстойлівага эканамічнага развіцця.
"Беларусь і Кітай аб'ядноўвае шмат агульнага. Нашы краіны разам выступаюць за пабудову справядлівага светапарадку, супраць прымянення сілы ў міжнародных адносінах, падкрэсліваюць неабходнасць калектыўных намаганняў у вырашэнні глабальных праблем сучаснасці. Беларусь і Кітай паслядоўна адстойваюць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць адзін аднаго, выступаюць супраць умяшання ва ўнутраныя справы. Беларусь падтрымлівае прынцып аднаго Кітая і ніколі не адступіць ад гэтай цвёрдай і ўсвядомленай пазіцыі. Дзякуючы лідарам Аляксандру Лукашэнку і Сі Цзіньпіну беларуска-кітайскія адносіны дасягнулі ўзроўню ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства", - сказаў Сяргей Алейнік.
Старшыня Пастаяннай камісіі таксама звярнуў увагу на актыўныя міжпарламенцкія кантакты, у прыватнасці, у чэрвені 2025 года адбылося другое пасяджэнне Камітэта высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі. "Мы нацэлены на прадметную работу ў рамках камітэта, у першую чаргу, на ажыццяўленне парламенцкага маніторынгу выканання беларуска-кітайскіх дамоўленасцей, дасягнутых на вышэйшым і высокім узроўнях", - падкрэсліў ён.
У ходзе сусірэчы з кітайскімі калегамі абмяркоўвалася таксама тэма гістарычнай памяці і 80-годдзя Вялікай Перамогі.
Кітайскія парламентарыі ў цэлым выказаліся за больш актыўныя кантакты з Беларуссю і пашырэнне абмену вопытам з беларускім бокам.
Сяргей Алейнік выказаў меркаванне, што міжпарламенцкае супрацоўніцтва з'яўляецца эфектыўным інструментам умацавання шматграннага беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння.
У рамках удзелу ў Міжнародным форуме дружалюбных абменаў паміж дэпутатамі прадугледжана таксама наведванне прадпрыемстваў, мясцовых органаў улады і вывучэнне вопыту парламенцкай дзейнасці ў Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне КНР.