Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

20 Ліс 2015

Акадэмія кіравання і ПРААН падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні

20 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі Марат Жылінскі і прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Беларусі Санака Самарасінха падпісалі сёння мемарандум аб узаемаразуменні паміж Акадэміяй кіравання і ПРААН на міжнароднай канферэнцыі "Роля дзяржаўнай службы ў рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як чакаецца, часткай рэалізацыі мемарандума будзе праграма навучання дзяржслужачых. Як растлумачыў памочнік Прэзідэнта Беларусі Кірыл Руды, выступаючы на канферэнцыі, мэта гэтага адукацыйнага праекта - гэта новае разуменне дзяржслужбы як прадастаўлення дзяржаўных паслуг на карысць і пад заказ жыхароў краіны. "Гэта азначае, што цяпер не дзяржава павінна вырашаць, якія будуць нормы і правілы, што добра і што дрэнна. Не дзяржорганы павінны вызначаць гэтыя стандарты якасці, а самі спажыўцы дзяржаўных паслуг", - сказаў Кірыл Руды.

Такая ацэнка якасці можа праводзіцца, напрыклад, праз сацапытанні. "Для ацэнкі кожнай дзяржаўнай паслугі фарміруюцца канкрэтныя мэтавыя паказчыкі. У далейшым заработная плата і кар'ера дзяржаўнага служачага будзе залежаць ад гэтых паказчыкаў", - растлумачыў памочнік Прэзідэнта. Ён таксама звярнуў увагу, што сучасная дзяржпаслуга ў першую чаргу - электронная.

Названы адукацыйны праект для дзяржслужачых, які можа стартаваць у 2016 годзе, плануецца сфакусіраваць на трох мэтавых групах: цэнтральны ўзровень, рэгіянальны ўзровень і сістэма кантролю. "На цэнтральным узроўні размова ідзе аб галіновым кіраванні эканомікай. Тут, безумоўна, спатрэбіцца раздзяленне функцый дзяржавы як уласніка і суб'екта гаспадарання", - сказаў Кірыл Руды.

Што датычыцца рэгіянальнага ўзроўню, то тут, паводле слоў памочніка Прэзідэнта, патрабуецца павышэнне самастойнасці мясцовых органаў улады. Гэта павысіць аператыўнасць і якасць абслугоўвання. "Мясцовыя ўлады найбольш набліжаны да атрымальнікаў дзяржпаслуг", - растлумачыў Кірыл Руды. Таксама большая самастойнасць будзе садзейнічаць рэгіянальнай канкурэнцыі і выраўноўванню развіцця рэгіёнаў.

Сістэма кантролю дзяржаўных паслуг будзе ў большай ступені арыентавана на аўдыт, чым на непасрэдны дзяржаўны кантроль. Але існуючая сістэма тут не будзе заменена на нешта іншае, а менавіта дапоўнена новым. Размова ідзе, у прыватнасці, аб элементах грамадскага кантролю. "Прычым меры адказнасці будуць прымяняцца не за нямэтавае выкарыстанне фінансавых рэсурсаў або парушэнне даручэнняў, а за невыкананне паказчыкаў па аказанні дзяржпаслуг", - растлумачыў Кірыл Руды.

Для пераходу да такога новага фармату, паводле слоў памочніка Прэзідэнта, будзе выкарыстоўвацца і вопыт іншых краін (Кітая, Сінгапура, Казахстана, Расіі і г.д.). У цэлым праграма, як чакаецца, будзе разлічана на некалькі гадоў. У бліжэйшы час будзе выпрацаваны канкрэтны план дзеянняў. Плануецца, што будуць прыцягнуты і выкладчыкі Акадэміі дзяржкіравання, і прыватных цэнтраў бізнес-адукацыі. Кірыл Руды не выключыў стажыроўкі ў Грузіі, Эстоніі, Сінгапуры і іншых краінах.

Асобны элемент праекта - гэта распрацоўка новых крытэрыяў ацэнкі работы дзяржаўных служачых. Урад ужо мае намер увесці ў бліжэйшым будучым ключавыя паказчыкі эфектыўнасці. "Раней былі паказчыкі дырэктыўнага плана, а цяпер ужо будуць індыкатыўныя. Спадзяюся, што зменіцца не толькі форма, але і змест", - сказаў Кірыл Руды.

Акрамя таго, памочнік Прэзідэнта закрануў тэму ратацыі кадраў. Ён звярнуў увагу, што часта пасля пераходу кіраўніка на новае месца з ім пераходзяць і падначаленыя. "Гэта заўсёды каманда аднадумцаў, але не заўсёды неабходных спецыялістаў. Часам, трапіўшы на пасаду, яны проста не ведаюць спецыфікі. Агульнага разумення няма. Патрабуецца час на адаптацыю. Гэта ўплывае на якасць прымаемых рашэнняў. Часта новыя кадры адказваюць, у першую чаргу, за выкананне даручэнняў, а не за захаванне якіх-небудзь інстытуцыянальных правіл", - сказаў Кірыл Руды. Ён дадаў, што адна з задач новага праекта - зрабіць так, каб незалежна ад таго, змяняецца міністр ці не, касцяк кадраў павінен заставацца на месцы.

Сённяшняя канферэнцыя "Роля дзяржаўнай службы ў рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця" стала завяршальным этапам кампаніі "Экспрэс ААН-70 у Беларусі". На гэтым форуме абмяркоўваюцца рэфармаванне сістэмы дзяржслужбы, фарміраванне кіраўнікоў новага пакалення, лепшыя міжнародныя практыкі нацыянальнага вопыту краін Еўропы і СНД у галіне ацэнкі эфектыўнасці работы дзяржорганаў.

Таксама сёння будуць падведзены вынікі маштабнай ініцыятывы "Экспрэс ААН-70 у Беларусі", у час якой з 23 па 30 кастрычніка на спецыяльным поездзе больш як 150 супрацоўнікаў ААН, прадстаўнікоў Адміністрацыі Прэзідэнта, парламента, міністэрстваў, прыватнага сектара, грамадзянскай супольнасці, рэлігійных абшчын і дыпкорпуса наведалі 7 гарадоў Беларусі. Падставай для паездкі стаў прыняты на саміце ААН дакумент "Пераўтварэнне нашага свету: Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года". Гэты дакумент змяшчае 17 мэт, рэалізацыя якіх пачнецца ўжо са студзеня 2016 года. У іх ліку садзейнічанне ўстанаўленню міралюбівых адносін у грамадстве, адкрытай сістэмы правасуддзя, барацьба за гендарную роўнасць, ліквідацыя беднасці і беспрацоўя, стымуляванне інавацый.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі