Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Дакументы

Дакументы

2 Лют 2015

У Беларусі ўступілі ў сілу папраўкі ў законы па пытаннях ваеннага становішча

2 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Закон "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях ваеннага становішча" ўступіў у сілу 2 лютага, паведамляе БЕЛТА.

У законе, у прыватнасці, рэгламентуецца, што падставай для ўвядзення ваеннага становішча на тэрыторыі Беларусі могуць быць ваенная пагроза або нападзенне. Ваеннай пагрозай прызнаецца, напрыклад, аб'яўленне вайны Рэспубліцы Беларусь з боку іншай дзяржавы (дзяржаў) без ажыццяўлення дзеянняў; канцэнтрацыя ўзброеных сіл іншай дзяржавы (дзяржаў) уздоўж беларускай дзяржграніцы, якая ўказвае на рэальны намер прымяніць узброеную сілу супраць незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу Беларусі.

Таксама ваенная пагроза вызначаецца ў законе як: узнікненне ачагоў узброеных канфліктаў, накіраваных супраць незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу Беларусі; правядзенне ў іншай дзяржаве (дзяржавах) мабілізацыі ў мэтах нападзення; заявы і дэманстрацыя сілы, якія ажыццяўляюцца ў парушэнне Статута ААН і ўказваюць на падрыхтоўку да нападзення і г.д.

Акрамя таго, у дакуменце гаворыцца, што нападзеннем лічыцца ўварванне ўзброеных сіл іншай дзяржавы (іншых дзяржаў) на тэрыторыю Беларусі або ваенная акупацыя, які б часовы характар яна ні мела. Таксама гэта анексія беларускай тэрыторыі або яе часткі з прымяненнем узброенай сілы; ракетна-авіяцыйныя ўдары, наносімыя ўзброенымі сіламі іншай дзяржавы (дзяржаў) або прымяненне любой іншай зброі супраць Рэспублікі Беларусь і іншыя такія дзеянні.

Ваеннае становішча ўводзіцца ўказам Прэзідэнта з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на зацвярджэнне Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Такі ўказ, таксама як і ўказ аб адмене ваеннага становішча, падлягаюць неадкладнаму афіцыйнаму апублікаванню, а таксама распаўсюджванню праз іншыя СМІ або іншыя агульнадаступныя сродкі камунікацыі.

У перыяд ваеннага становішча не могуць быць распушчаны Савет Рэспублікі і Палата прадстаўнікоў. Нельга правесці выбары і рэферэндумы. "У выпадку заканчэння ў перыяд ваеннага становішча тэрміну паўнамоцтваў выбарных дзяржаўных органаў i службовых асоб тэрмiн iх паўнамоцтваў прадаўжаецца да завяршэння перыяду ваеннага становішча, калі іх паўнамоцтвы не прыпынены ў парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі", - сказана ў законе. Пры гэтым грамадзяне карыстаюцца ў гэты перыяд усімі правамі і свабодамі, устаноўленымі Канстытуцыяй, за выключэннем правоў і свабод, абмежаванне якіх прадугледжана згаданым законам і іншымі заканадаўчымі актамі ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых грамадзян.

Грамадзяне абавязаны пры ваенным становішчы выконваць законныя патрабаванні дзяржаўных органаў, органаў ваеннага кіравання, мясцовых саветаў абароны, іх службовых асоб; з'яўляцца ва ўстаноўленыя час і месца па вызаве ў дзяржорганы, органы ваеннага кіравання, мясцовыя саветы абароны. Тыя, хто дасягнуў узросту 16 гадоў, але яшчэ не старэйшыя за 60 гадоў (для мужчын) або 55 гадоў (для жанчын) і здольныя да выканання работ абароннага характару па стане здароўя, павінны ўдзельнічаць у выкананні такіх работ, а таксама ў ліквідацыі вынікаў прымянення зброі, аднаўленнi пашкоджаных (разбураных) аб'ектаў эканомікі, сістэм жыццезабеспячэння і ваенных аб'ектаў і г.д. Таксама грамадзяне абавязаны прадастаўляць маёмасць, якая знаходзіцца ў іх уласнасці, неабходную для патрэб абароны, у тым ліку жылыя або нежылыя памяшканні для пражывання або размяшчэння грамадзян, часова адселеных з тэрыторыі, на якой вядуцца ваенныя дзеянні, з зоны надзвычайнай сітуацыі, прагназуемага ачага паражэння ў бяспечныя раёны. Пры гэтым даецца права на кампенсацыю дзяржавай кошту маёмасці, якая знаходзіцца ва ўласнасці грамадзян і прадастаўлена для патрэб абароны.

Забараняецца набыццё зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў; арганізацыя і ўдзел у сходах, мітынгах, вулічных шэсцях, дэманстрацыях, пікетаванні і іншых масавых мерапрыемствах; выраб і распаўсюджванне інфармацыі аб дзяржорганах, органах ваеннага кіравання, мясцовых саветах абароны, дзеяннях Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў, ваенізаваных арганізацый, прыцягнутых да забеспячэння ваеннага становішча, аб ваенным і эканамічным стане Рэспублікі Беларусь, у час ваенных дзеянняў без дазволу ўпаўнаважаных службовых асоб органаў ваеннага кіравання, што выдаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам, якое рэгулюе пытанні ваеннай цэнзуры.

У законе змешчаны і іншыя нормы, якія датычацца ваеннага становішча.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі