20 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ствараецца адзіны аператар інтэлектуальнай транспартнай сістэмы. Гэта прадугледжана ўказам нумар 311, які Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 20 жніўня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
У адпаведнасці з дакументам, у якасці адзінага аператара інтэлектуальнай транспартнай сістэмы вызначана РУП "Белдарсувязь". На яго ўскладзены функцыі па эксплуатацыі інтэлектуальных транспартных сістэм, якія да гэтага часу знаходзіліся ў падпарадкаванні розных арганізацый. Размова ідзе, у прыватнасці, аб сістэмах збору платы за праезд па платных дарогах, дынамічнага ўзважвання, метэаманіторынгу, уліку інтэнсіўнасці транспартнага патоку, а таксама аб праграмна-апаратным комплексе Цэнтра маніторынгу дарожнага руху.
У ліку задач, якія ўскладзены на РУП "Белдарсувязь" як адзінага аператара, - развіццё інтэлектуальнай транспартнай сістэмы і кіраванне яе функцыянаваннем, выкананне работ па ўзвядзенні, рэканструкцыі (рамонце), эксплуатацыі інжынернага абсталявання, сетак электрасувязі і электразабеспячэння, што ўваходзяць у склад сістэмы.
Адзіны аператар таксама ўпаўнаважаны спаганяць плату за праезд па платных аўтамабільных дарогах, размяшчаць інжынернае абсталяванне, якое ўваходзіць у склад інтэлектуальнай транспартнай сістэмы, на аб'ектах рэспубліканскіх аўтамабільных дарог без спагнання платы і заключэння дагавораў арэнды ў адносінах да такіх аб'ектаў.
Аб'яднанне інтэлектуальнай транспартнай сістэмы ў структуры аднаго аператара забяспечыць рэалізацыю адзінай тэхнічнай палітыкі, арыентаванай на ўкараненне айчынных распрацовак. Гэта дазволіць аптымізаваць расходы на эксплуатацыю і развіццё сістэмы за кошт выкарыстання існуючых абсталявання і інфраструктуры, а таксама выключыць дубліруючыя функцыі па абслугоўванні, мадэрнізацыі і абнаўленні розных элементаў.