29 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Якімі чакаюцца мэтавыя паказчыкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2027 год, журналістам расказаў намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Андрэй Картун, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пытанне "Аб праектах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, мэтавых паказчыкаў грашова-крэдытнай палітыкі і рэспубліканскага бюджэту на 2027 год" разгледжана на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў.
Андрэй Картун паведаміў, што грашова-крэдытныя параметры 2027 года ўзгоднены з бюджэтам і макраэканамічнымі паказчыкамі. У праект увайшлі пяць паказчыкаў. Яны адпавядаюць мандату Нацыянальнага банка і яго асноўным мэтам.
"Мэта першая - забеспячэнне цэнавай стабільнасці. Мы прапануем Прэзідыуму Саўміна ў наступным годзе ўстанавіць мэту ў памеры 6 працэнтаў па інфляцыі. Гэта крыху менш, чым у бягучым годзе. Блок паказчыкаў, які характарызуе фінансавую стабільнасць, - так званая доля праблемных актываў. Гэта такі індыкатар, які адлюстроўвае бяспечнае функцыянаванне фінансавай сістэмы. Прапануецца ўстанавіць яго на ўзроўні 10%", - растлумачыў Андрэй Картун.
Мінімальны ўзровень золатавалютных рэзерваў прапануецца ўстанавіць у памеры $12,8 млрд з улікам усіх знешніх абавязацельстваў, якія стаяць перад краінай. "Гэта дастатковы мінімальны ўзровень для бяспечнага функцыянавання. Яшчэ адзін паказчык - стабільнасць і даступнасць плацежных сістэм для таго, каб не было ніякіх збояў, аперацыі ажыццяўляліся фактычна ў кругласутачным рэжыме. Дапускаюцца толькі пэўныя тэхнічныя або тэхналагічныя паўзы", - дадаў Андрэй Картун.
Паводле яго слоў, важным паказчыкам таксама з'яўляецца і прырост інвестыцыйнага фінансавання. "Нацыянальны банк разам з банкаўскай сістэмай узялі на сябе задачу ў рамках дзеючай пяцігодкі нарасціць партфель па інвестыцыйным фінансаванні ў паўтара раза. На наступны год мы гэты параметр для сябе і для банкаў будзем даводзіць не менш за 13 працэнтаў", - паведаміў Андрэй Картун.