7 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Замест аграхолдынга "Купалаўскае" Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта з'явяцца некалькі самастойных сельгаспрадпрыемстваў. Такое рашэнне прынята па выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па асобных пытаннях развіцця Магілёўскай вобласці. Аб гэтым паведаміў журналістам пасля мерапрыемства старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Прэзідэнтам канцэптуальна падтрыманы нашы падыходы: гаспадаркі будуць існаваць, працаваць, развівацца ў тых межах, якія ёсць. Холдынга самога па сабе не будзе. Будуць асобна ўзятыя, самастойныя гаспадаркі са сваім кіраўніком, штатам, тэрыторыяй, разліковым рахункам", - растлумачыў кіраўнік рэгіёна.
"Холдынг "Купалаўскі" закрываецца, а гаспадаркі пераходзяць у камунальную ўласнасць", - удакладніў ён.
У бліжэйшы час, паводле яго слоў, самастойнымі суб'ектамі гаспадарання стануць "Новагарадзішчанскае", "Любінічы-Агра" і "Вялікія Славені".
Пры гэтым Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта прадоўжыць рэалізацыю раней намечанай праграмы па развіцці прадпрыемстваў холдынга. Працягнецца будаўніцтва ў Шклове сучасных малакаперапрацоўчага завода і аграсэрвісу. "Тое, што было напрацавана і запланавана, усё будзе выканана, зроблена", - звярнуў увагу Анатоль Ісачанка. У будучым па меры рэалізацыі гэтых праектаў і выхаду іх на праектную магутнасць плануецца таксама перадаць іх з рэспубліканскай у камунальную ўласнасць.
Адказваючы на ўдакладняючае пытанне, чаму ў адзін час трэба было ўзбуйняць гаспадаркі, а цяпер вырашана іх раз'яднаць, кіраўнік рэгіёна адзначыў, што ўніверсальнага рашэння на ўсе часы не існуе і кожны раз трэба зыходзіць з канкрэтных абставін. "Адназначнага трактавання і адказу не можа быць апрыёры. Мы лічым, што на сённяшні дзень для іх (сельгаспрадпрыемстваў. - Заўвага БЕЛТА) больш эфектыўнага развіцця яны павінны быць самастойнымі", - сказаў Анатоль Ісачанка.
Ён падкрэсліў, што цяпер усе сельгаспрадпрыемствы маюць сур'ёзную матэрыяльную базу, тэхніку, матэрыялы, неабходныя для таго, каб працаваць і развівацца. "Менавіта работа ў холдынгу з Кіраўніцтвам справамі Прэзідэнта дала штуршок, эфект. Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта шмат чаго зрабіла, укладала грошы, і ёсць станоўчы вынік. Можа, мы не дасягнулі таго, чаго хацелі, але, галоўнае, мы бачым, што для далейшага развіцця трэба прыняць такое рашэнне (як прынята па выніках нарады. - Заўвага БЕЛТА)", - растлумачыў старшыня аблвыканкама.


"Галоўная мэта і задума - каб кожны раён быў самадастатковым. У гэтым выпадку Шклоўскі раён будзе з'яўляцца ўзорам. Там створана ўсё, што неабходна для раёна: камбікормавы завод, малаказавод, сельгастэхніка (гаворка пра мясцовы аграсэрвіс. - Заўвага БЕЛТА), сельгасхімія, ПМК, дарожныя прадпрыемствы, іншыя гаспадаркі, якія працуюць на сябе і на эканоміку. Такі, я лічу, эталонны раён", - дадаў Анатоль Ісачанка.
Як паведамлялася БЕЛТА, Прэзідэнт на нарадзе растлумачыў, што ў свой час рашэнне аб аб'яднанні ў аграхолдынгі прымалася з тым, каб забяспечыць сыравінную базу для новага сучаснага малакаперапрацоўчага завода ў Шклове, будаўніцтва якога, паводле даручэння кіраўніка дзяржавы, павінна быць завершана да 7 лістапада бягучага года.
Магутнасці новага прадпрыемства разлічаны на перапрацоўку 300 т малака за суткі. І пастаўку такіх аб'ёмаў павінны забяспечыць перш за ўсё мясцовыя буйныя сельгасвытворцы - "Купалаўскае" і "Александрыйскае", якія размешчаны на лепшых землях раёна і займаюць значную яго частку.
Што датычыцца "Купалаўскага", першапачатковая задума была ў тым, каб арганізаваць яго па аналогіі з агракамбінатам "Дзяржынскі". "Нібыта можна было зрабіць. Але сяк-так рабілі", - ахарактарызаваў праведзеную работу Прэзідэнт. Былі, паводле яго слоў, і кадравыя памылкі. Замест таго каб узяць некалькі талковых упраўленцаў з "Дзяржынскага" і перавесці на кіруючыя пазіцыі ў "Купалаўскім", дзе яны паўтарылі б паспяховы вопыт, на гэтыя пазіцыі паставілі іншых людзей.
"У кантакце з губернатарам і старшынёй райвыканкама трэба было выбудаваць гэту работу. Але яна не выбудавана. Што рабіць? - задаў слушнае пытанне кіраўнік дзяржавы. - Нельга страціць гэтыя сельгасарганізацыі, таму што яны размешчаны на лепшых землях у краіне. Горацкі, Шклоўскі, Бялыніцкі, Круглянскі, Магілёўскі раёны, уся тая ўсходняя каса, - гэта лепшыя землі на ўсходзе. Яны наўрад ці ўступаюць і Гродзенскай вобласці. Але вось гэты бардачок, які ў нас заўсёды з савецкіх часоў быў у Магілёўскай вобласці, Ісачанкам (старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Анатолем Ісачанкам. - Заўвага БЕЛТА) не пераможаны, як Берлін у 1945-м. Так і застаецца. Са сваім царом у галаве там кожны, і Барташ (Сяргей Барташ, старшыня Шклоўскага райвыканкама. - Заўвага БЕЛТА) прыйшоў у Шклоўскі раён - гэты цар да яго ў галаву залез".
Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што гаспадаркі, якія ўваходзяць у аграхолдынгі Кіраўніцтва справамі, выказваюць жаданне перайсці да аўтаномнай работы. "Могуць яны працаваць самастойна? Няхай працуюць. Нічога страшнага, што яны не ў холдынгу будуць. Калі не атрымалася, няхай працуюць самастойна. Ад іх што патрэбна? Малако - у Шклоў на новы малаказавод, мяса - у Магілёў на мясакамбінат, лён (гэта льнаводчыя гаспадаркі) - на мадэрнізаваны льнозавод у Шклове", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.