22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вытворчасць аксіяльна-поршневых гідраўлічных помпаў ТАА "Гідраўлічная аб'яднаная кампанія" ўрачыста запусцілі ў Пінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
ТАА "Гідраўлічная аб'яднаная кампанія" была створана 5 чэрвеня 2023 года для рэалізацыі імпартазамяшчальнага інвестыцыйнага праекта па вытворчасці аксіяльна-поршневых гідраўлічных помпаў з рэгулюемай прадукцыйнасцю ў Пінску. Вытворчы працэс ажыццяўляецца з выкарыстаннем інфраструктуры ААТ "Кавліцмаш" у інтарэсах такіх прадпрыемстваў, як ААТ "БЕЛАЗ", ААТ "Гомсельмаш" і іншых прамысловых кампаній Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Заснавальнікамі выступаюць ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ" і расійская АТ "Пнеўмабудмашына".
У 2023 годзе быў зацверджаны бізнес-план інвестыцыйнага праекта, які ўключаны ў пералік перспектыўных імпартазамяшчальных. Агульны кошт праекта складае 1018,3 млн расійскіх рублёў.
Урачыстае адкрыццё прымеркавана да завяршэння інвестыцыйнай стадыі праекта, а таксама да Дня машынабудаўніка. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык, міністр прамысловасці Андрэй Кузняцоў, генеральны дырэктар ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-Холдынг" Сяргей Лесін і старшыня савета дырэктараў АТ "Пнеўмабудмашына" Анатоль Паўлаў.
Адбыўся ўрачысты запуск выпрабаванняў аксіяльна-поршневай помпы для кар'ернага самазвала БЕЛАЗ-75131, сабранага з выкарыстаннем беларускіх камплектуючых вырабаў. Гасцей новай вытворчасці таксама азнаёмілі з ходам рэалізацыі інвестыцыйнага праекта "Стварэнне вытворчасці гідраўлічных помпаў аксіяльна-поршневых з рэгулюемай прадукцыйнасцю" і з вытворча-выпрабавальнай базай ТАА "Гідраўлічная аб'яднаная кампанія". Акрамя таго, удзельнікі мерапрыемства наведалі вытворчую пляцоўку ААТ "Кавліцмаш".
Згодна з бізнес-планам праекта, на ТАА "Гідраўлічная аб'яднаная кампанія" прадугледжана стварэнне 49 рабочых месцаў, а праектная магутнасць прадпрыемства разлічана на вытворчасць 5500 вырабаў у год. Плануецца асваенне выпуску гідраматораў серыі 406, якія прызначаны для работы ў гідрастатычных трансмісіях і пераўтвараюць энергію рабочай вадкасці ў механічную энергію кручэння вала. Таксама будзе выпускацца два тыпы аксіяльна-поршневых гідрапомпаў з рэгулюемай прадукцыйнасцю і нахільнай шайбай: серыі 415 для адкрытых гідрасістэм, якія прымяняюцца ў асноўным у прэсавым абсталяванні, металургічнай вытворчасці і гідрастатычных трансмісіях кар'ерных самазвалаў, а таксама серыі 416, прызначаных для аб'ёмных гідрапрыводаў машынабудаўнічага, прамысловага і суднабудаўнічага абсталявання.