Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

29 Снж 2020

Выпуск нізкабялковых малочных прадуктаў для хворых на фенілкетанурыю пачнецца ў Беларусі ў 2021 годзе

Выпуск нізкабялковых малочных прадуктаў для хворых на фенілкетанурыю пачнецца ў Беларусі ў 2021 годзе
Фота з архiва

29 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасяджэнне "Клуба жанчын-медыкаў" Беларускага саюза жанчын адбылося 28 снежня на базе Інстытута мяса-малочнай прамысловасці Нацыянальнай акадэміі навук, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Людміла Макарына-Кібак.

На пасяджэнні абмяркоўваліся перспектывы выпуску нізкабялковых малочных прадуктаў, неабходных для харчавання хворых на фенілкетанурыю. "Гэта праект нашага клуба. Дарэчы, яшчэ чатыры гады таму ў Беларусі не выпускалася ніводнага нізкабялковага прадукту і яны не пастаўляліся з-за мяжы. Людзі маглі толькі атрымліваць пасылкі або прывозіць нізкабялковыя прадукты з Польшчы, Германіі, Расіі. А гэта тое, чым трэба карміць дзіця або дарослага чалавека кожны дзень", - расказала Людміла Макарына-Кібак.

Паводле яе слоў, на сённяшні дзень у краіне ўжо распрацавана 22 нізкабялковыя прадукты. Выпуск некаторых з іх пачаты ўжо. "Прыкладна 3 месяцы таму мы былі ў Мар'інай Горцы, дзе адкрыты цэх па выпуску беларускіх макаронаў, сумесей для прыгатавання клёцак, выпечкі кексаў і пячэння для хворых на фенілкетанурыю. І іх ужо можна набыць. У Інстытуце мяса-малочнай прамысловасці завяршаецца будаўніцтва цэха па выпуску нізкабялковых малочных прадуктаў - сухога малака і ёгурту. Цэх плануецца адкрыць прыкладна праз 2 месяцы. Сёння мы прадэгуставалі ёгурт, паглядзелі, як выглядае сухое малако. Нам паказалі ў цэлым усю вытворчасць", - адзначыла парламентарый.

Людміла Макарына-Кібак падкрэсліла, што фенілкетанурыя - гэта сур'ёзнае прыроджанае захворванне. Такім пацыентам неабходна асаблівая дыета. "Мы - краіна, якая выпускае вельмі смачную малочную прадукцыю, у нас добрае мяса. Аршанскі мясакамбінат пачаў выпускаць нізкабялковыя сасіскі. Гэта таксама пры дапамозе нашага "Клуба жанчын-медыкаў". У далейшым мы плануем, што гэтыя прадукты змогуць выкарыстоўваць людзі, напрыклад, з хранічнай нырачнай недастатковасцю і з іншымі паталогіямі. Што яны змогуць зайсці ў магазін і на пэўнай паліцы, дзе знаходзіцца дыетычнае харчаванне, выбраць сабе ўсё, што яны захочуць, - дадала яна. - Калі мы праводзім дэгустацыю прадуктаў з удзелам хворых на фенілкетанурыю, то яны заўсёды адзначаюць, што айчынныя прадукты значна смачнейшыя, чым імпартныя аналагі. Па цэнавым сегменце яны прыкладна ў тры разы таннейшыя".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі