8 жніўня, Смалявіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Смалявіцкі раён нагадаў пра карысць рапсавага алею для здароўя і параіў больш ужываць гэты прадукт, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У цэнтры ўвагі рабочай паездкі Прэзідэнта быў азімы рапс. Размова зайшла і пра рапсавы алей. Паводле слоў віцэ-прэм'ера Юрыя Шулейкі, спажыванне гэтага прадукту ў Беларусі за два гады павялічылася на 20 працэнтаў. "Ну і добра. Вельмі добрая штука. Хочаш быць здаровым - трэба выкарыстоўваць гэты алей, - парэкамендаваў Аляксандр Лукашэнка. - Алей вельмі карысны. І наогул, я прыхільнік таго, каб ужываць у ежу тое, што ў цябе расце".
Кіраўнік дзяржавы падрабязна распытаў спецыялістаў пра сітуацыю з вырошчваннем азімага рапсу. Размова ішла пра забеспячэнне насеннем гэтай культуры, асаблівасці тэхналогіі вырошчвання, тэрміны высадкі і ўборкі і гэтак далей. Як растлумачылі спецыялісты, у гэтым годзе для азімага рапсу вельмі складаныя ўмовы надвор'я, тым не менш, паводле прагнозаў, удасца сабраць не менш за мільён тон рапсу, але гэта агульны валавы збор, а алейнага семя будзе крыху менш. Хоць у мінулым годзе ўраджай менавіта алейнага семя быў 1 млн т.
Прэзідэнту таксама прадставілі асартымент рапсавага алею, што вырабляюць у Беларусі. Аляксандр Лукашэнка перадаў на пробу бутэльку гэтага алею старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксею Кушнарэнку. Кіраўніку цэнтральнага рэгіёна 8 жніўня споўнілася 50 гадоў. З гэтай нагоды адразу пасля прыезду на поле кіраўнік дзяржавы ўручыў Аляксею Кушнарэнку падарунак, які прывёз з нядаўняй паездкі на Валаам, - абраз Георгія Перамаганосца.
Прэзідэнт падзяліўся рапсавым алеем і з журналістамі. Словы пра карысць гэтага прадукту пацвердзіла і загадчык аддзела алейных культур РУП "Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве" Ядвіга Пілюк. У размове з журналістамі яна адзначыла, што рапсавы алей сапраўды карыстаецца папулярнасцю, асабліва сярод прадстаўнікоў старэйшага пакалення. Гэта звязана з яго карысцю для арганізма. Гэты прадукт паляпшае зрок, запавольвае старэнне, прадухіляе дэменцыю, аказвае станоўчы ўплыў на нервовую сістэму.
"Гэты алей даўно прызнаны дыетычным. Я бывала ў Германіі, Англіі, Чэхіі... І там рапсавы алей каштаваў нават даражэй, чым сланечнікавы", - адзначыла Адвіга Пілюк.