Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

11 Apr 2018

Украіна зацікаўлена ў пашырэнні асартыменту імпартуемых беларускіх тавараў

11 красавіка, Кіеў /Кар. БЕЛТА/. Украіна зацікаўлена ў пашырэнні асартыменту імпартуемых беларускіх тавараў, заявіў карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра рэгіянальнага развіцця, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Украіны па пытаннях еўрапейскай інтэграцыі Тарас Такарскі на палях форуму Made in Belarus.

"На дзяржаўным узроўні мы можам гарантаваць падтрымку тым вытворцам, якія пастаўляюць якасную прадукцыю. Сёння шмат прадуктаў, якія вырабляюцца беларускімі кампаніямі, карыстаюцца папулярнасцю ва Украіне. Мы двума рукамі за тое, каб беларускія вытворцы яшчэ больш шырока працавалі на нашым рынку", - адзначыў ён.

Тарас Такарскі падкрэсліў, што прадпрыемствы Беларусі з'яўляюцца даўнімі і стратэгічным партнёрамі для Украіны. "Практычна ўсе прадпрыемствы, якія прадстаўлены на выстаўцы, даўно працуюць ва Украіне. Ёсць наладжаныя сувязі, і размова ідзе не аб выхадзе іх на наш рынак, а аб пашырэнні сваёй долі. Можна толькі прагназаваць і далейшае павелічэнне продажаў прадукцыі, што мяне вельмі радуе", - заявіў ён.

Намеснік міністра нагадаў, што ў другой палавіне гэтага года плануецца вялікае сумеснае мерапрыемства - Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны. "Там будзем гаварыць у тым ліку і аб новых праектах супрацоўніцтва. Ва Украіне цяпер праходзіць рэформа па дэцэнтралізацыі - мясцовыя ўлады атрымліваюць больш фінансавых інструментаў, якімі могуць распараджацца. Форум - гэта добрая магчымасць для паглыблення супрацоўніцтва менавіта таму, што цяпер прыняцце рашэнняў ідзе з цэнтра ў рэгіёны", - растлумачыў ён.

На выстаўцы Тарас Такарскі азнаёміўся з прадстаўленымі ўзорамі тэхнікі МАЗ, "Амкадор", МТЗ і "Гомсельмаш", пракаціўся ў кабіне беларускага грузавіка, на якім экіпаж пілота Сяргея Вязовіча стаў сярэбраным прызёрам "Дакара-2018".

Выстаўка Made in Belarus праходзіць з 10 па 14 красавіка ў кіеўскім Міжнародным выставачным цэнтры. Удзел у ёй прымаюць больш за 50 беларускіх кампаній, якія дэманструюць распрацоўкі ў сферах машынабудавання і нафтахіміі, транспарту і лагістыкі, сельскай гаспадаркі і харчавання, лёгкай прамысловасці і турызму. Выстаўка суправаджаецца дзелавой праграмай, якая ўключае галіновыя прэзентацыі беларускіх прадпрыемстваў. Ключавым мерапрыемствам дзелавой праграмы стала канферэнцыя "Украіна-Беларусь: перспектывы супрацоўніцтва", якая прайшла 10 красавіка. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных ведамстваў дзвюх краін, а таксама Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Гандлёва-прамысловай палаты Украіны.

Выстаўку Made in Belarus у Кіеве арганізуе БелГПП. Аператарам выступае выставачнае ўнітарнае прадпрыемства "Белінтэрэкспа" БелГПП. Мерапрыемства праводзіцца пры падтрымцы пасольства Беларусі ва Украіне, Гандлёва-прамысловай палаты Украіны, дзяржаўных органаў і бізнес-асацыяцый дзвюх краін.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі