5 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Астане з удзелам беларускага боку адбыўся міжнародны тэхналагічны форум "Лічбавы мост - 2025", які сабраў лідараў лічбавай індустрыі, інвестараў і экспертаў з больш як 100 краін, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на пасольства Беларусі ў Казахстане.
Сярод ганаровых гасцей у цырымоніі адкрыцця прыняў удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан Аляксей Багданаў, што падкрэсліла зацікаўленасць Беларусі ў развіцці міжнароднага лічбавага супрацоўніцтва і ўдзеле ў ключавых рэгіянальных ініцыятывах у сферы інавацый і высокіх тэхналогій.
На пленарным пасяджэнні форуму з прывітальным зваротам выступіў Прэзідэнт Рэспублікі Казахстан Касым-Жамарт Такаеў, які звярнуў увагу на значнасць адказнага развіцця штучнага інтэлекту і ролю форуму як міжнароднай пляцоўкі для абмену перадавымі ідэямі.
У сваю чаргу ганаровы госць форуму заснавальнік Telegram Павел Дураў аб'явіў аб адкрыцці лабараторыі штучнага інтэлекту Telegram у Казахстане ў складзе міжнароднага цэнтра ШІ Alem.ai.
Удзел беларускага боку ў "Лічбавым мосце - 2025" дэманструе імкненне Беларусі да актыўнага ўключэння ў глабальныя працэсы лічбавай трансфармацыі і ўмацавання двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы ІТ і інавацый.
На лічбавы форум сабраліся вучоныя, прадпрымальнікі, дзяржслужачыя, ключавыя фігуры глабальнай IT-індустрыі. Напярэдадні форуму прэзідэнт Казахстана правёў пасяджэнне савета па развіцці штучнага інтэлекту, якое атрымала назву "Штучны інтэлект у адукацыі: магчымасці і выклікі".