11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускую тэхніку на "Белагра-2026" пакажуць у рэальных палявых умовах, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінсельгасхарча.
"Мінсельгасхарч выходзіць за межы павільёнаў міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "Белагра-2026". Сельгастэхніка будзе прадэманстравана ў рэальных палявых умовах. Гэта новаўвядзенне дасць магчымасць замежным дэлегацыям убачыць рэальныя магчымасці беларускага машынабудавання ў рабоце", - адзначылі ў прэс-службе.
Традыцыйна выстаўкі прадугледжваюць статычную экспазіцыю, дзе тэхніка прадстаўлена ў нерухомым стане. Наведвальнікі могуць агледзець машыны, вывучыць тэхнічныя характарыстыкі, але не ўбачыць іх у дзеянні. У гэтым годзе Мінсельгасхарч удасканальвае экспазіцыю.
"На адлегласці 18 км ад выставачнага цэнтра "Белэкспа" выбрана дэманстрацыйнае поле, дзе будзе прадстаўлена тэхніка беларускіх вытворцаў у дынаміцы. Гасцям прадэманструюць як машыны працуюць з улікам глебава-кліматычных умоў, рэльефу і геаграфічных асаблівасцей", - дадалі ў прэс-службе.
На дэманстрацыйнай пляцоўцы будзе прадстаўлена шырокая лінейка тэхнікі для розных этапаў сельскагаспадарчай вытворчасці: сеялка, модульны глебаапрацоўчы агрэгат, культыватар, каменеўборачная машына, самаходны апырсквальнік, машына для ўнясення ўгнаенняў, комплекс для мульчыравання.
"Для замежных дэлегацый будуць арганізаваны спецыяльныя выезды на дэманстрацыйнае поле. Такі фармат дасць магчымасць наглядна паказаць прадукцыйнасць, манеўранасць, эфектыўнасць работы беларускай тэхнікі ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных. Дэманстрацыя ў палявых умовах практыкуецца на вядучых сусветных выстаўках. "Белагра" таксама імкнецца павышаць узровень аграпрамысловага форуму для прафесійнай аўдыторыі, умацоўваючы пазіцыі беларускіх вытворцаў на міжнародных рынках", - падкрэслілі ў прэс-службе.