3 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў падзяліўся з журналістамі падрабязнасцямі ходу ўборачнай кампаніі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уборка ўраджаю стала адной з ключавых тэм даклада кіраўніка Мінсельгасхарча Прэзідэнту Беларусі. У размове з журналістамі Юрый Горлаў адзначыў, што ўборачная кампанія ідзе сваім парадкам. "Мы перасягнулі ўжо экватар з улікам уборкі збожжавых каласавых культур і рапсу. Убрана 53% (плошчаў. - Заўвага БЕЛТА), намалот склаў больш як 4,6 млн т збожжа, - расказаў ён. - У гэтым годзе ўборка пачалася крыху раней, чым у мінулым. Але па стане збожжа на палях мы бачым, што (ураджай плануецца. - Заўвага БЕЛТА) не менш за ўзровень мінулага года".

Першай адзнаку адзін мільён тон збожжа пакарыла Брэсцкая вобласць, пасля яе аналагічнай адзнакі дасягнулі аграрыі цэнтральнага рэгіёна. Чакаецца, што ў бліжэйшыя дні на адзін мільён тон збожжа выйдзе Гродзенская вобласць. Кіраўнік Мінсельгасхарча перакананы, што і астатнія рэгіёны ў хуткім часе пераадолеюць гэту адзнаку. "Камбайны выходзяць у поле з самай раніцы. Работа прадаўжаецца да позняга вечара і нават да начных гадзін", - дадаў ён.
У Беларусі ўбрана амаль 90% азімага рапсу, работы ў гэтым напрамку ідуць са значным апярэджаннем у параўнанні з мінулым годам. Завяршаецца ўборка яравога ячменю і азімага жыта. Паралельна аграрыі ўбіраюць азімую і яравую пшаніцу, азімую трыцікале. "Гэта тыя культуры, якія забяспечваюць максімальную ўраджайнасць", - канстатаваў Юрый Горлаў.