31 кастрычніка, Лепельскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе на развіццё запатрабаваных цяпер санаторна-курортных паслуг. Аб гэтым ён заявіў, заслухаўшы даклад аб развіцці турыстычнай сферы ў сістэме Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У гэта трэба ўкладваць грошы. І, фарміруючы дзяржпраграму, трэба менавіта гэта будаваць, калі на гэта ёсць і будзе попыт, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - На гэта трэба траціць грошы, калі яны зваротныя".
Як далажыў кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў, падведамныя санаторна-курортныя і прыродаахоўныя ўстановы ў гэтым годзе прынясуць выручку каля Br285 млн. са значнай доляй экспарту паслуг. "Што датычыцца санаторна-курортных паслуг, гэта звышпрыбыткова і вельмі хутка акупляецца", - запэўніў кіраўнік спраў Прэзідэнта.
Ён расказаў аб развіцці гэтай сферы на прыкладзе санаторыя "Сосны", дзе створаны дадатковыя месцы для размяшчэння, добраўпарадкавана тэрыторыя, прадастаўляюцца новыя паслугі адпачывальнікам. "У наступным годзе пабудуем лепшы ў краіне з усіх санаторыяў СПА-комплекс. І зробім яго адкрытым для ўсіх, хто захоча прыехаць і заплаціць за паслугі", - далажыў Юрый Назараў.
Вядзецца работа па развіцці і іншых месцаў адпачынку, падведамных Кіраўніцтву справамі, у тым ліку санаторыяў за мяжой. Аб гэтым падрабязна даложана кіраўніку дзяржавы.

Кіраўнік спраў Прэзідэнта таксама прапанаваў пабудаваць на ўсёй працягласці ад Мінска да возера Нарач добрую аўтадарогу, каб зрабіць больш прывабнымі туры выхаднога дня. "Там усё павінна шумець", - сказаў Юрый Назараў.
"Вось для дзяржпраграмы яшчэ адна задача. Трэба будаваць", - згадзіўся кіраўнік дзяржавы.
Кіраўніцтва справамі развівае самыя розныя віды турызму, у тым ліку экалагічны, падзейны, паляўнічы і да т.п. "У нас сёння 650 лакацый - баз, стаянак, гасцініц і гэтак далей. Таму мы нічога не будзем будаваць новага. Мы прывядзём у парадак тое, што ёсць. Таму што яно сёння не дае той аддачы, якую павінна даваць", - расказаў Юрый Назараў.
Плануецца ў тым ліку раскручваць розныя падзейныя мерапрыемствы, фестывалі, каб змякчыць уплыў сезоннасці па шэрагу напрамкаў у турызме.
"Па санаторыях мы павінны падвоіць практычна экспарт паслуг. Лічбы рэальныя, падлічаныя. Па прыродаахоўных мы выручку павялічым ад турыстычных паслуг у два разы да 2030 года. Стратэгію зацвердзілі на калегіі", - заявіў Юрый Назараў.