6 мая, Баку /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын у час сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым расказаў, у чым перспектыва развіцця гандлёва-эканамічных адносін Беларусі і Азербайджана, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Турчын адзначыў, што ён першы раз у Баку і горад яго ўразіў - побач з ультрасучаснымі будынкамі знаходзяцца старажытныя дамы, а таксама ўсё ўвіта зеленню. "Адчуваецца ўважлівае стаўленне да развіцця горада", - звярнуў увагу ён і дадаў, што першы дзень афіцыйнага візіту беларускай дэлегацыі 5 мая ў Азербайджан выдаўся плённым.
Беларускі прэм'ер назваў сумесныя вытворчасці ключавым напрамкам развіцця супрацоўніцтва дзвюх краін. Дарэчы, учора Аляксандр Турчын наведаў азербайджанскае прадпрыемства, на якім рэалізаваны праект па зборцы беларускіх ліфтаў. "Лакалізацыя ў іх складае 65 працэнтаў ужо толькі на пачатковай стадыі. Гэта яскравы прыклад сумеснага прадпрыемства, якое зрабілі беларускія і азербайджанскія партнёры", - падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.
Акрамя таго, Аляксандр Турчын адзначыў вялікі патэнцыял Гянджынскага аўтамабільнага завода як базы, на якой можна збіраць беларускую пажарную, камунальную тэхніку, трактары. "Менавіта ў сумесных вытворчасцях я бачу вялікую перспектыву супрацоўніцтва Беларусі і Азербайджана, а таксама ёсць шмат новых напрамкаў, па якіх мы маглі б працаваць", - рэзюмаваў ён.
Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын знаходзіцца з двухдзённым афіцыйным візітам у Азербайджане.