Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

27 Стд 2021

У Беларусі зарэгістравалі ўласную пароду кароў

У Беларусі зарэгістравалі ўласную пароду кароў
Фота з архiва

27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі зарэгістравалі новую пароду кароў белгалшцін айчыннай селекцыі, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Створана новая парода малочнай жывёлы айчыннай селекцыі - белгалшцін, якая налічвае 1 млн галоў. У снежні яна была зарэгістравана. Патэнцыял прадукцыйнасці - на ўзроўні 12 т малака на адну жывёлу з колькасцю тлушчу 3,6 працэнта, бялку - 3,2 працэнта. Спецыялісты ведаюць, што гэта вельмі добрыя паказчыкі", - сказаў Уладзімір Гусакоў.

Ён падкрэсліў, што Акадэмія навук - значны даследчы цэнтр, які развіваецца па тыпу навукова-вытворчай карпарацыі. Практычна кожная акадэмічная арганізацыя мае вытворчыя кропкі росту - участкі, якія выпускаюць запатрабаваную прадукцыю. Напрыклад, прадпрыемства "Акадэмфарм" і НВЦ "ХімФармСінтэз" Інстытута біяарганічнай хіміі НАН выпускаюць лякарствы, неабходныя для лячэння розных захворванняў. Для прафілактыкі і пераадолення наступстваў COVID-19 у НАН распрацаваны і вырабляюцца антысептычныя сродкі, фільтрацыйныя матэрыялы для рэспіратараў і ачысткі паветра, тэст-сістэмы па выяўленні антыцел, наборы рэагентаў для біяхімічных даследаванняў ДНК, панэлі для аналізу каранавіруснай РНК. Распрацаваны і сертыфікаваны апарат ультрафіялетавага экстракарпаральнага апрамянення крыві.

Акрамя таго, у Акадэміі навук уведзены ў эксплуатацыю сучасныя вылічальныя магутнасці, нацэленыя на распрацоўку і практычнае выкарыстанне штучнага інтэлекту. У прыватнасці, вядуцца работы па праграмным забеспячэнні дзяржаўнай медыцынскай інфармацыйнай сістэмы з функцыямі падтрымкі прыняцця рашэнняў урачоў на аснове сродкаў штучнага інтэлекту для ўстаноў аховы здароўя стацыянарнага тыпу ("Клініка+").

У галіновай лабараторыі электронна-прамянёвых і адытыўных тэхналогій Фізіка-тэхнічнага інстытута НАН адкрыты ўчастак лазернай апрацоўкі матэрыялаў. На ім выконваюцца работы ў інтарэсах машынабудаўнічых прадпрыемстваў ("Гомсельмаш", Мінскі завод шасцерняў, МТЗ). Рэсурс апрацаваных вырабаў павялічваецца ў 2-3 разы.

Уладзімір Гусакоў таксама адзначыў, што вучоныя забяспечваюць навуковае суправаджэнне будаўніцтва і эксплуатацыі АЭС, развіваюць біятэхналагічны напрамак. Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН аказвае тысячы паслуг па тэсціраванні ДНК чалавека, жывёл і раслін.

Беларускія вучоныя актыўна супрацоўнічаюць са сваімі замежнымі калегамі больш як з 90 краін. У НАН Беларусі створаны і функцыянуюць 43 сумесныя лабараторыі з арганізацыямі Расіі, Кітая, В'етнама і іншых дзяржаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі