29 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі працуюць над укараненнем аградронаў у сельскай гаспадарцы ў прамысловых маштабах. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі "Навука і тэхналогіі ў аграрнай сферы Беларусі: укараненне высокатэхналагічных распрацовак у сельскую гаспадарку краіны, кантроль за станам пасеваў, зберажэнне і правільная ўборка ўраджаю; канкурэнцыя з імпартнымі тэхналогіямі" генеральны дырэктар кітайска-беларускага сумеснага прадпрыемства ЗАТ "Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы" Юрый Лявонавец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У рэспубліцы тэхналогіі ўжо атрымалі сваё прымяненне і актыўна развіваюцца яшчэ з 2021 года. Быў створаны першы беспілотны аградрон беларускай вытворчасці.
"Мы пацвярджаем эксперыментальна на палях (не толькі ў тэарэтычных разліках), што гэта эфектыўна, мэтазгодна і магчыма. Цяпер з удзелам прадпрыемстваў Нацыянальнай акадэміі навук вядзецца работа па інтэграцыі і комплексным укараненні такіх тэхналогій ужо ў прамысловых маштабах. Гэта работа па стварэнні нацыянальнага аператара, які прымяняў бы аградроны і ўсё, што звязана з лятальнымі апаратамі, у першую чаргу ў інтарэсах сельскай гаспадаркі", - сказаў Юрый Лявонавец, дадаўшы, што вучоныя трымаюць руку на пульсе.
Лідарамі ў развіцці гэтага напрамку з'яўляюцца такія краіны, як Кітай і ЗША. У Беларусі намаганні інстытутаў аграрнага комплексу Нацыянальнай акадэміі навук сканцэнтраваны на тэхналогіях прымянення беспілотнікаў. Распрацаваны тры тэхналагічныя рэгламенты па выкарыстанні аградронаў для ўнясення сродкаў аховы раслін.
"Па даручэнні ўрада ў 2023 годзе правялі комплексную ацэнку прымянення гэтых тэхналогій. Яна датычылася біялагічнай, эканамічнай і гаспадарчай эфектыўнасці. Па выніках ацэнкі атрымалі адабрэнне Мінсельгасхарча і ў цэлым урада", - адзначыў Юрый Лявонавец.
Да пераваг беспілотнікаў ён аднёс выключэнне механічнага пашкоджвання глебы і раслін, значна ніжэйшы сабекошт апрацоўкі, мінімальны кантакт чалавека з прэпаратамі, магчымасць работы па моцна ўвільготненай глебе, у тым ліку ў начны час, на складаных участках палёў.
Акрамя праграмы па стварэнні аградронаў, ужо больш як 10 гадоў у рэспубліцы развіваюцца тэхналогіі з прымяненнем беспілотнікаў, звязаныя з распрацоўкай электронных карт палёў, інвентарызацыяй сельгасугоддзяў, ацэнкай аб'ёмаў работ, усходжасці, абганяння, прагназаваннем ураджайнасці. Праводзіцца аэрафотаздымка, атрыманыя даныя затым апрацоўваюцца.