Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

26 Май 2015

У Беларусі фарміруецца новая версія энергетычнага балансу з улікам магутнасцей БелАЭС

26 мая, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. У Беларусі фарміруецца новая версія энергетычнага балансу з улікам магутнасцей БелАЭС. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам у час пасяджэння Прэзідыума Савета Міністраў, прысвечанага ўнясенню змяненняў і дапаўненняў у Дырэктыву нумар 3 "Эканомія і беражлівасць - галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы", намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Крутой, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"З'яўленне такога буйнога аб'екта, як БелАЭС, мяняе ўвесь энергабаланс краіны. Цяпер новая версія балансу фарміруецца. І мы чакаем прапаноў ад нашай прамысловасці, як выкарыстоўваць тую электраэнергію, якую мы атрымаем ад атамнай станцыі", - сказаў намеснік міністра эканомікі.

Дзмітрый Крутой адзначыў, што з 2007 года ў Беларусі была сур'ёзна мадэрнізавана энергетычная сістэма, вяршыняй гэтага працэсу стане ўвод у строй АЭС. "Будаўніцтва атамнай станцыі сур'ёзна зменіць сферу нашай энергетыкі. І гэта трэба ўлічваць. Таму аднымі з галоўных напрамкаў работы па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Дырэктыву нумар 3 з'яўляюцца якраз пытанні энергаэфектыўнасці", - растлумачыў ён. Намеснік міністра дадаў, што дзеючая Дырэктыва была прынята ў асаблівых умовах, звязаных з так званымі нафтавымі і газавымі войнамі 2007 года. "Асноўнай мэтай яе была мінімізацыя негатыўных наступстваў павышэння цэн на расійскія энерганосьбіты і ўвядзення пэўных абмежаванняў па пастаўках расійскай нафты. Дакумент быў накіраваны ў першую чаргу на эканомію паліўных рэсурсаў і энергазберажэнне. І ён спрацаваў вельмі нядрэнна", - падкрэсліў Дзмітрый Крутой.

"Так, з 2007 года энергаёмістасць ВУП у нафтавым эквіваленце на $1 тыс. знізілася да 290 кг. Знос асноўных фондаў у энергетыцы сёння складае 39 працэнтаў супраць 65 працэнтаў у 2005-2006 гадах. Знізілася выкарыстанне прыроднага газу практычна на 2 млрд куб.м. Акрамя таго, мы ўвялі каля 3 тыс. новых энергакрыніц, з якіх каля 120 працуюць на аднаўляльных мясцовых відах паліва", - паведаміў Дзмітрый Крутой і яшчэ раз нагадаў, што пры гэтым пытанні эканоміі рэсурсаў ніхто з парадку дня не здымаў.

Змяненні і дапаўненні ў Дырэктыву нумар 3 будуць датычыцца не толькі энергетычнай палітыкі, але і шэрага іншых напрамкаў. "Першым з іх стане дыверсіфікацыя экспарту, якая дасць магчымасць аптымізаваць сальда знешняга гандлю Беларусі. Другі напрамак - новая эканоміка, з якой мы падыдзем да 2020 года, размова ідзе аб V і VI тэхналагічных укладах, развіцці новых галін і новых вытворчасцей. Трэці напрамак - наша традыцыйная прамысловасць. Каля 25 працэнтаў ВУП Беларусі займае менавіта машынабудаванне і іншыя галіны традыцыйнай прамысловасці. Настаў час сур'ёзна паглядзець на гэты сектар, на сістэму яго кіравання", - лічыць Дзмітрый Крутой. Паводле яго слоў, галоўнымі тут з'яўляюцца моманты эканамічнай мадэрнізацыі: укараненне сучасных сістэм кіравання рэсурсамі, эфектыўнае выкарыстанне маёмасці, інжынірынгавая дзейнасць.

Пытанне актуалізацыі Дырэктывы нумар 3 было ініцыіравана Адміністрацыяй Прэзідэнта ў студзені 2015 года. "Улічваючы больш шырокі спектр пытанняў, якія будуць закрануты ў гэтым дакуменце, мы прапануем для яго новую назву "Эканамічная бяспека - галоўны фактар устойлівага развіцця дзяржавы", - рэзюмаваў Дзмітрый Крутой.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі