8 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Турызм Беларусі прэзентаваны на сустрэчы кіраўнікоў турыстычных адміністрацый дзяржаў - членаў ШАС, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным агенцтве па турызме.
Сустрэча прайшла ў горадзе Цындаа (правінцыя Шаньдун) пад старшынствам міністра культуры і турызму Кітайскай Народнай Рэспублікі Сунь Елі.
Дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Ірына Варановіч прадставіла даклад аб супрацоўніцтве Беларусі з ШАС у сферы турызму. Яна зрабіла акцэнт на ўкладзе краіны ў развіццё рэгіянальнага турыстычнага абмену. Адбыўся абмен думкамі аб бягучым стане і перспектывах узаемадзеяння паміж дзяржавамі - членамі ШАС у галіне турызму. Бакі адзначылі прагрэс, дасягнуты за апошнія гады, падзяліліся вопытам развіцця індустрыі турызму ў сваіх краінах.
Таксама адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі турыстычнай індустрыі Кітая, дзе абмяркоўваліся турыстычны патэнцыял Беларусі і фарміраванне іміджу краіны як прывабнага напрамку для ўязнога турызму.