4 чэрвеня, Душанбэ /Кар. БЕЛТА/. Сумесныя вытворчасці Беларусі і Таджыкістана - апорная кропка для пашырэння інтарэсаў дзвюх краін. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Таджыкістана Кахірам Расулзадой, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ад душы ўдзячны вам за сапраўды цёплы прыём на таджыкскай зямлі. Фундаментам нашага супрацоўніцтва з'яўляюцца адносіны нашых лідараў. Калі Прэзідэнт Беларусі гаворыць пра кіраўніка Таджыкістана, заўсёды адчуваецца асаблівая цеплыня, асаблівая павага. У нас ёсць пачуццё задавальнення ад нашага супрацоўніцтва. Новы імпульс яму надасць стварэнне ў Мінску гандлёвага дома Таджыкістана. Усе рашэнні прыняты, застаецца пачаць актыўную фазу рэалізацыі такога праекта. Думаю, гэта будзе яшчэ адным крокам для таго, каб нашы краіны больш даведваліся адна аб адной і нашы гандлёва-эканамічныя адносіны рухаліся наперад", - сказаў Аляксандр Турчын.
Ён падкрэсліў, што стварэнне сумесных вытворчасцей - апорная кропка для пашырэння эканамічных інтарэсаў дзвюх краін. "Сёння мы наведаем прадпрыемства, якое займаецца зборкай тэхнікі ў Таджыкістане (АТЗТ "Агратэхсэрвіс". - Заўвага БЕЛТА). Стварэнне сумесных прадпрыемстваў і на тэрыторыі Таджыкістана, і на тэрыторыі Беларусі - важны напрамак, па якім нам неабходна рухацца. Гэта вырашае нашы агульныя задачы", - адзначыў прэм'ер-міністр.
Паводле яго слоў, супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана характарызуецца дынамічным развіццём гандлёва-эканамічных адносін. "Па выніках мінулага года мы дасягнулі нядрэнных вынікаў. Аб'ём двухбаковага тавараабароту перасягнуў $168 млн, што дало магчымасць нашай краіне ўвайсці ў дзясятку асноўных знешнегандлёвых партнёраў Таджыкістана", - праінфармаваў кіраўнік беларускага ўрада.
Кахір Расулзада ў сваю чаргу адзначыў, што дзякуючы палітычнай волі двухбаковае супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана ўжо даўно выйшла на ўзровень стратэгічнага партнёрства. "Беларуска-таджыкскія адносіны на сучасным этапе характарызуюцца высокім дынамізмам. Ключавую ролю ў падтрыманні высокага ўзроўню адносін адыгрываюць шчырыя, дружалюбныя, братэрскія сувязі паміж прэзідэнтамі дзвюх краін. Толькі за чатыры месяцы бягучага года адбыліся дзве тэлефонныя размовы кіраўнікоў дзяржаў, у ходзе якіх былі абмеркаваны актуальныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння і намечаны далейшыя крокі па пашырэнні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Актыўна развіваецца міжпарламенцкае ўзаемадзеянне. Беларусь і Таджыкістан прытрымліваюцца падобных пазіцый па многіх міжнародных пытаннях, актыўна ўзаемадзейнічаюць у рамках міжнародных, рэгіянальных арганізацый", - звярнуў ён увагу.
Пасля гэтай сустрэчы Аляксандр Турчын наведаў прадпрыемства па вытворчасці беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі "Агратэхсэрвіс". Сумесная зборачная вытворчасць у г.Гісар створана ў 2017 годзе. Тут ажыццяўляюць зборку трактароў МТЗ, сельскагаспадарчай тэхнікі "Гомсельмаш", прычэпаў "Бабруйскаграмаш". На гэты час вытворчы комплекс уключае ў сябе малы і вялікі зборачныя цэхі, склад гатовай прадукцыі, адкрытую і закрытую выставачныя пляцоўкі і адміністрацыйна-вучэбны корпус (выконваецца падрыхтоўка таджыкскіх спецыялістаў для абслугоўвання і эксплуатацыі беларускай тэхнікі). У 2025 годзе зборачнаму прадпрыемству выдзелена 1,5 га зямлі для пашырэння магутнасцей, вядзецца падрыхтоўка да будаўніцтва новых вытворчых памяшканняў.
Як паведамлялася, Аляксандр Турчын прыбыў з рабочым візітам у Таджыкістан для ўдзелу ў пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД.