23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сітуацыя ў эканоміцы і вынікі работы за 5 месяцаў бягучага года выклікаюць асцярожны аптымізм. Аб гэтым заявіў журналістам прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын па выніках даклада Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сітуацыя ў эканоміцы і вынікі работы за 5 месяцаў выклікаюць асцярожны аптымізм. Мы выйшлі на траекторыю, няхай невялікага, але тым не менш росту, і нашы разлікі паказваюць, што гэта траекторыя захаваецца і ў далейшым", - заявіў прэм'ер-міністр.
Паводле яго слоў, пільная ўвага будзе ўдзяляцца сітуацыі ў прамысловасці, а яна цяпер вельмі неаднародная. "Ёсць прадпрыемствы, якія даволі паспяхова працуюць, і шэраг прадпрыемстваў, на якіх ёсць праблемы, - растлумачыў кіраўнік урада. - Гаварыць, што праблемы ва ўсім прамысловым комплексе, я не стаў бы. Так, на асобных прадпрыемствах ёсць сур'ёзныя праблемы, звязаныя як з аб'ектыўнымі, так і суб'ектыўнымі фактарамі".
Аляксандр Турчын падкрэсліў, што айчынным прадпрыемствам даводзіцца канкурыраваць на сусветных рынках у складаных умовах, калі дэфіцыту тавараў не назіраецца. І вытрымліваць канкурэнцыю трэба ў тым ліку з моцнымі сусветнымі гігантамі. "Гэта ўсё складана. Але тым не менш з месяца ў месяц мы бачым дадатную дынаміку па росце аб'ёмаў вытворчасці", - указаў ён.
"У цэлым сітуацыя ў прамысловасці цяпер нас задаволіць не можа. Але калі такія тэндэнцыі (у эканоміцы ў цэлым і прамысловасці ў прыватнасці. - Заўвага БЕЛТА) будуць прадаўжацца (ёсць усе перадумовы меркаваць, што так і будзе), то праз некалькі месяцаў мы ўсё ж такі выйдзем на дадатную дынаміку ў прамысловасці", - рэзюмаваў прэм'ер-міністр.
