18 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падыходы да цэнаўтварэння павінны дапамагчы ў стрымліванні інфляцыі, але пры гэтым не пагаршаць эканамічную сітуацыю ў вытворцаў. Аб гэтым заявіў журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Аляксандра Турчына, у цэнаўтварэнні пакуль яшчэ прысутнічаюць пэўныя дысбалансы і іх неабходна максімальна акуратна падправіць. Прычым зрабіць гэта трэба такім чынам, каб сітуацыя не паўплывала негатыўным чынам ні на вытворцаў, ні на спажыўцоў, ні на гандаль.
"Пастаўлена задача знайсці разумны баланс, каб ён стрымліваў інфляцыю, але не прыводзіў да пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў нашых суб'ектаў гаспадарання. Задача нязменная - да канца сакавіка мы павінны гэта рашэнне прыняць і далажыць кіраўніку дзяржавы", - сказаў прэм'ер-міністр.
Як паведамлялася БЕЛТА, па выніках нарады 28 лютага кіраўнік дзяржавы даручыў ураду да красавіка вызначыцца з новай сістэмай рэгулявання цэн.
"Для Прэзідэнта ўсё, што звязана з забеспячэннем сацыяльных стандартаў жыцця кожнага чалавека, - пытанне нумар адзін. Урад прапанаваў два варыянты: першы - кароткатэрміновы, другі - сярэднетэрміновы. Кароткатэрміновы пабудаваны на прапанове бізнесу, з якім мы вельмі цесна, дэталёва адпрацоўвалі падыходы, якія задавольвалі б бізнес", - расказаў тады журналістам першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў.
Менавіта гэты падыход урад узяў за аснову і ўнёс на разгляд кіраўніка дзяржавы. Яго сутнасць заключаецца ў карэкціроўцы існуючай сістэмы рэгулявання цэн, рабоце над памылкамі, нівеліраванні існуючых скажэнняў і дысбалансаў на аснове існуючай практыкі.
"Прэзідэнтам прыняты такі падыход, даручана яго дапрацаваць сумесна з дзяржаўнымі органамі, аблвыканкамамі і бізнесам і ўнесці да 1 красавіка, лепш - да 25 сакавіка. Работа, у прынцыпе, нескладаная, зразумелая. Што трэба адкарэкціраваць, мы разумеем", - заяўляў Мікалай Снапкоў.
Прапанова ўрада на сярэднетэрміновую перспектыву заключаецца ў фарміраванні рэспубліканскай сістэмы абароту тавараў, работ і паслуг. "Сёння ў краіне ўжо рэалізуюцца некалькі платформ. Гэта платформа назірання за таварамі, платформа маркіроўкі тавараў, электроннай рахунак-фактуры і ўкараняемая сістэма СККА (сістэма кантролю касавага абсталявання. - Заўвага БЕЛТА). Інтэграваўшы гэтыя сістэмы, зрабіўшы іх "дружалюбнымі", мы атрымліваем адзіны гандлёвы дакумент, па якім аналітычны цэнтр будзе бачыць увесь рух тавараў, работ і паслуг у краіне. Асноўная мэта стварэння такой платформы - сачэнне за дабаўленай вартасцю ў ланцужку руху тавараў", - растлумачыў першы віцэ-прэм'ер.